вторник, 29 декабря 2015 г.

Шчырасць і з Новым Годам!


Адной з адменных рыс дзяцей з'яўляецца шчырасць. Гэта нярэдка становіцца прычынай здзіўлення, смеху і жартаў. Дарослыя звычайна прыпамінаюць гэтыя сітуацыі з усмешкай на вуснах. Дзеці неаднойчы здзіўляюць сваёю шчырасцю, адкрытасцю, пэўнай нетактычнасцю. Яны не прыдумваюць нейкіх хітрых планаў, не задумваюцца занадта што, як і каму гавораць, але кажуць як разумеюць, распавядаюць пра тое, што бачаць і робяць тое, што хочуць зрабіць і так, як могуць. Яны вельмі шчырыя. А гэтага так не хапае ў свеце дарослых. Дзе шмат хлусні, тэатра, неадназначнасці... Дзесьці гэтая шчырасць губіцца і тое, што было натуральным, становіцца клапатлівым, патрабуе шматлікіх намаганняў. Так цяжка быць шчырым. Шчырым з тымі хто побач, а яшчэ цяжэй быць шчырым з сабою. Не хлусіць сабе, не казаць што ўсё добра калі ўсё дрэнна і трэба мяняць нешта, а нават не нешта, а канкрэтныя крокі рабіць: пазбаўляцца таго што перашкаджае, быць адказным у выкананні належнага, шчыра расставіць прыярытэты, ісці шляхам які абраў не хістаючыся ў бакі. Хутка Новы Год і ўсё крычыць аб важнасці гэтага свята, цудах, што ўсё зменіцца і стане лепшым... Рэклама і рэчаіснасць безумоўна на гэтае пытанне маюць адменныя адказы, якому верыць кожны вырашае сам. Верыць ілюзіі азначае верыць што здарыцца цуд, само сабой усё вырашыцца і жыццё будзе як у добрай казцы з happy endам. Чым больш у гэта верыш, тым большае расчараванне цябе спаткае. Не адбываецца ўсё само сабою. Пытанні не вырашаюцца «магіяй» прыдуманага свята. Усё патрабуе канкрэтнай працы з боку чалавека. Таму хай наступаючае свята не будзе пустым і гучным феерверкам, але мажлівасцю шчыра падвесці вынік скончанаму году, прыдумаць добры, хай невялічкі, план на новы год, а само свята мажлівасцю спаткацца з блізкімі, адпачыць і момантам сапраўднай радасці, матывам ўдзячнасці. Хай будзе шчырым і сапраўдным, без ілюзій і хлусні. «Як новы год спаткаеш, так яго і правядзеш!» - так кажуць у нас. Хай вечар і навагодняя ноч не будуць прычынай расчаравання, смутку і пустэчы раніцай 1 студзеня! З наступаючым Новым 2016 годам! Годам прысвечаным разважанню над Божай Міласэрнасцю!

четверг, 24 декабря 2015 г.

Са святам! Дабра, міру і сапраўднай любові кожнаму сэрцу!


Апошняя раратняя Імша а праз некалькі гадзін вігілійная вячэра, ламанне аплаткай, добрыя словы, сямейная атмасфера... Потым святая Імша Пастэрка, радасць і віншаванні...
Прыгожы час. Ужо амаль скончыўся Адвэнт, падведзены вынік як атрымалася споўніць пастановы, на кухні чуць смачны пах патраў, які яшчэ смачнейшым робіць факт сціслага посту на працягу сённяшняга дня... прыгатаванні амаль скончаны, але ці Езус народзіцца сёння ў нашых сэрцах? Трэба не згубіць Яго ва ўсёй гэтай мітусні. Ён блізка: у сэрцах людзей якія спяшаюцца дадому з працы, у сэрцы маці, якая турбуецца каб добра ўсё прыгатаваць, у дзецях, якія што некалькі хвілін адрываюцца ад дапамогі бацькам каб спраўдзіць ці не прыйшло «важнае» паведамленне, ці чаго мы так шукаем за шклом уцякаючы ад рэчаіснасці? Прыгожы дзень, добры настрой і нейкі непакой... Гэта варта сапраўды цаніць і адпаведна ўспрымаць, бо можа стацца што гэты непакой чакання не спраўдзіцца, не будзе так як чакалася, як прыгатавала нас рэклама і нават Адвэнт, для гэтага варта паглядзець на гэтае свята як мага больш аб'ектыўна, зразумець які сэнс яно мае і канешне добра яго перажыць, з радасцю, чыстым і адкрытым сэрцам, з даверам і любоўю.
Са святам! Дабра, міру і сапраўднай любові кожнаму сэрцу:)

понедельник, 21 декабря 2015 г.

Варта планаваць!


















Свабода і адказнасць – гэта не супрацьлеглыя паняцці. Сапраўды, можа падавацца што ёсць інакш, што свабода – гэта ніякіх абавязкаў, рабі што хочаш і як хочаш. Але гэта немажліва. Бо насамрэч абавязкі, а менавіта тое як ты іх выконваеш і да іх ставішся сведчыць аб тым, наколькі ты свабодны чалавек. Свабодны чалавек – гэта той, хто добра выконвае свае абавязкі, клапоціцца аб тым, каб быць верным дадзенаму слову, учыненай пастанове. Добры спосаб спраўдзіць наколькі ты свабодны ў сваіх абавязках – выняць цябе з штодзённасці, дзе ўсё запланавана, вядома і мае належнае месца, безумоўна калі так ёсць у тваім жыцці. Заняць цябе іншымі справамі і паглядзець як будзеш апроч гэтага выконваць і тыя свае. Гэта добра сведчыць аб свабодзе і свядомасці.
Таму вельмі важна ўмець планаваць свой час і абавязкі і старацца каб быць гэтаму верным. Дзень тады праходзіць больш плённа, а задавальненне што добра выканаў належнае матывуе і робіць жыццё «смачнейшым». Гэта дзень, а што калі тваё жыццё таксама будзе спланаваным, мець сэнс і мэту? Ці не будзе яно больш плённым і вартым? Ці не будзе прыносіць значна больш задавальнення? Бо сапраўды, калі жыццё з'яўляецца чымсьці канкрэтным, а не абы чым, яно прыносіць канкрэтны добры плён, а не абы што. Добра запланаваць дзень застаючыся пры гэтым свабодным – цяжкая справа, жыццё – амаль нерэальная, але тут як і з кожнай справай: спачатку патроху, потым памалу падымаць планачку...

понедельник, 14 декабря 2015 г.

Спатканне – гэта сапраўды Божы дар!



Сённяшні час – гэта час высока развітых камунікацый. Сённяшні дзень дае шматлікія мажлівасці для камунікацыі між людзьмі. Кіламетры ўжо не ствараюць такой перашкоды, бо амаль з любога месца на Зямлі можна выйсці на кантакт. Але ўсё часцей можна пачуць што сённяшні час – гэта час знікання міжасабовых адносін. Віртуальны свет аддаляе чалавека ад чалавека, адасабляе яго ад супольнасці з асобамі зацягваючы ў безасабовы свет «адзіначак і нолікаў». Усё часцей спатканне абмяжоўваецца кароткім прывітаннем, «спішамся» і хуткім развітаннем. Навокал усё больш людзей з закрытымі вушамі, вачамі скіраванымі толькі на гаджэт. Безумоўна ёсць плюсы, бо чалавек больш ведае, хай гэтыя веды і пустыя, аб усім і ні аб чым канкрэтна, менш сварак у сем'ях, бо няма ж калі, ды і за што сварыцца з людзьмі якіх амаль не ведаеш... Не, Інтэрнэт – гэта зусім не зло, гэта нешта нейтральнае, зло тое, што ўсё яшчэ надта часта чалавек не ўмее ім адпаведна карыстацца і прызначаць належнае месца ў штодзённым жыцці.
Дык вось пра спатканне. Міжасабовыя адносіны гэта хіба самае галоўнае чаму трэба навучыцца ў жыцці. Спатканне чалавека з чалавекам і чалавека з Богам – асобы з асобай. Гэта сапраўды цяжкая справа, але вартасць яе яшчэ большая. Бо ўсё што чалавек у сабе мае, ён бярэ з наваколля, са спаткання, а будучы сам асобай сапраўды раскрывае сябе праз стасункі з іншай асобай.
І яшчэ, ці можа хоць адзін віртуальны спосаб спаткання стаць заменай спатканню асабіста вочы ў вочы? Перадаць усю гаму мімікі, голасу, дотыку, жэстаў... Спатканне – гэта сапраўды Божы дар. Прыгожы, дармовы дар, які ўсё ж трэба адважыцца прыняць і адпаведна выкарыстоўваць.

суббота, 12 декабря 2015 г.














Ці ёсць мяжа чалавечай жорсткасці? Калі маладая, сімпатычная жанчына на ўвесь свет хваліцца тым, што забіла сваё дзіця. З выклікам сцвярджаючы што не мае ніякага жалю, сумневу, не лічыць што здзейсніла злы ўчынак, але наадварот, называе яго чымсці добрым. Хтосьці можа сказаць: «А, ну дык яна ж сатаністка!», але ці гэта апраўдвае забойства дзіця? Зазірні ў статыстыкі абортаў той жа ўсё ж хрысціянскай Беларусі, а ўбачыўшы рэакцыю «пабожнай» бабулі ці матулі калі яна даведаецца што яе маладая незамужняя (а нават і замужняя) дачка ці ўнучка зацяжарыла, напэўна згоршышся яшчэ больш. Колькі жорсткасці, а яшчэ горш тое, што ўсім большасці людзей усё роўна на гэта.
Гэтага так шмат навокал... Але варта не губляць надзеі, маліцца за гэты свет і, як вучыць Езус, быць той соллю і светам супраць яго прэснай цемры.

четверг, 10 декабря 2015 г.

 Спадарожнік на пачатак Адвэнта
















Чарга выпадковых здарэнняў ці Божы провід? Напэўна кожны хоць раз у жыцці разважаў над падобным пытаннем пасля перажывання чагосьці, што моцна кранула, дало імпульс для задумы. Жыццё можа выдавацца шэрым, падзеі ў ім нязначнымі, але калі атрымаеш мажлівасць паглядзець на сябе з боку, з перспектывы, можна здзівіцца каляровасці і велічы гэтага жыцця, моцы, з якой ў ім дзейнічае Бог.
Чарговы тыдзень Адвэнта хутка скончыцца, будзе запалена трэцяя свечка ў адвэнтовым вянку (іншая ад астатніх трох). Час ідзе хутка, але прыгожа і глыбока. І ў гэтым часе мы спатыкаем шматлікіх спадарожнікаў: асобы, гістарычныя постаці, думкі, успаміны... А для мяне адным з такіх спадарожнікаў на пачатку Адвэнта стала сапраўды добрая кніга. Жоўтая, непрыкметная, але неверагодна глыбокая і своечасовая. Кніга-дзённік святара які правёў сем месяцаў у закрытым кляштары трапістаў, скончыўшы свой побыт менавіта светкаваннем Божага Нараджэння. Здавалася б што можа быць у ёй цікавага, бо што цікавага можа адбывацца ў закрытым кляштары дзе кожны дзень гэта звычайна толькі тры пункты: малітва, праца і самаадукацыя. Ніякага action, гучнасці ці яшчэ якой мішуры, але так сапраўды, тое, што там адбываецца і як людзі гэта перажываюць неверагодна захапляе, кранае і ўводзіць у задуму так моцна, што словамі гэтага не перадаць, бо ці мажліва словам апісаць блізкія стасункі с жывым Богам?
Падчас чытання з'явілася пачуццё што аўтар, пішучы безумоўна пра сябе і свае перажыванні, піша пра мяне (а мы з ім сапраўды вельмі падобныя, канешне калі не зважаць на тое, што я не прафесар, не выкладчык ва ўніверсітэце, не аўтар кніг, а тым больш бесцэлераў, жыву ў іншы час, іншай геаграфічнай прасторы, значна маладзейшы і менш жыццёвага досведу маю... хм, хіба лепш спыніцца, бо падабенства не застанецца ніякага... але яно проста праяўляецца ў іншым), я сапраўды ўбачыў сябе, пытанні, якія мяне моцна турбуюць, рэчы, над якімі працую, думкі, над якімі разважаю. Нават больш, бо ён піша аб тым, у чым сапраўды цяжка прызнацца перад усім самому сабе...
Неверагоднае перажыванне. Адной з думак, якая моцна мяне кранула і стала сапраўды перакананнем, з'яўляецца тое, што варта давяраць Богу, слухаць Ягоны заклік, крочыць разам з Ім па дарозе на якую Ён запрашае.

понедельник, 7 декабря 2015 г.

Тры ў адным, як кава...
















Кожны дзень іншы. Іншыя падзеі, спатканні, абставіны, размовы... шмат непаўторнага, добрага і не зусім. Падводзячы вечарам вынік дня, разважаеш што было, як было і робіш высновы, дзякуеш, цешышся, а можа і трошкі сумуеш бо не ўсё было найлепш. І так, учора вечарам, разважаючы якім быў мінулы дзень, прыпомніліся шматлікія добрыя падзеі і з'явіліся некаторыя цікавыя думкі. Дык вось: тры падзеі і разважанні пра іх у адным дні.
Падзея першая.
Раніца. Нягледзячы на тое, што спалося дрэнна, а напярэдадні вечарам было цяжка заснуць, усё ж абудзіўся з добрым настроем і з нецярпеннем зазірнуў пад падушку... Навошта? Бо ўчора быў успамін святога Мікалая і , не ведаю як ў каго, але прынамсі ў маёй сям'і, існуе традыцыя што на свае імяніны святы Мікалай кладзе пад падушкі падарункі, якія безумоўна можна атрымаць толькі за добрыя паводзіны. Я стараўся сябе добра паводзіць, але ўсё ж напярэдадні вечарам мяне моцна турбавалі думкі ці ўсё ж заслужыў і ці пад маёю падушкаю ўжо ляжыць падарунак, а калі не, то ці ён там з'явіцца. Намаганні каб хутчэй заснуць, шматлікія абуджэнні падчас ночы, стрымліванне сябе каб не зазірнуць пад падушку не ў адпаведны час і ранні пад'ём маглі напэўна стаць прычынай недасыпу і не зусім аптымістычнага настрою, але сталася інакш: выспаны, з добрым настроем і падарункам у руках я распачаў гэты прыгожа дзень.
Радасць і спраўджаныя спадзяванні – моцны сродак супраць недасыпу і матыватар добрага настрою.
Падзея другая.
Нядзельная практыка ў парафіі, чатыры Імшы... Яркай падзеяй было тое, што трэба было падмяніць святога Мікалая і раздаць падарункі дзецям, але падчас апошняй, чацвёртай святой Імшы, на хвілінку маю ўвагу прыцягнула іншая падзея. Маладая маці з хлопчыкам на руках. Звычайная карціна. Але ў пэўным моманце хлопчык пачаў круціцца і разрабляць, на што была неверагодна прыгожая рэакцыя маці: яна скіравала яго позірк на галоўны алтар і пачала распавядаць хто там ёсць і як трэба паводзіць сябе перад Яго абліччам.
Гэта нешта вельмі прыгожае калі бацькі навучаюць дзяцей. Калі перадаюць ім тое, што з'яўляецца важным у іх жыцці, каб дапамагчы расставіць прыярытэты сваім дзецям. Маладая маці якая вучыць веры свайго сына... моцна і прыгожа...
Падзея трэцяя.
Ціха і мірна едучы аўтобусам, заняўшы свабоднае месца і азірнуўшыся навокал, стаў сведкам нетыповай сітуацыі. Вельмі добра калі між членамі сям'і добрыя адносіны, але назіраць як бацька і дачка слухаюць музыку праз адну пару навушнікаў на дваіх мне напрыклад не даводзілася ніколі.
Розніца пакаленняў, поглядаў, інтарэсаў, жыццёвага досведу – усё гэта можа стаць прычынай падзелаў між людзьмі, але сапраўды моцныя тыя, хто нягледзячы на розніцу крочаць праз жыццё разам, слухаючы адну музыку...
Так, кожны дзень – гэта маленькае жыццё, як нехта добра падкрэсліў.

суббота, 5 декабря 2015 г.

 Добрыя размовы
















 Так бывае, што пасля размовы, ці ўдзелу ў нейкай супольнай дыскусіі, застаецца пэўны асадак. Хоць і была добрая тэма, шчырыя і праўдзівыя выказванні меркаванняў, але дзесьці ўсё ж праскочылі нейкія адна-дзве рэплікі і застаўся гэты дыскамфорт.
«Язык мой – вораг мой!» - гаворыць вядомая прыказка. І так сапраўды нярэдка здараецца. Не хочаш сказаць благога ці папросту непатрэбнага, а яно неяк само, але адказваць потым трэба ўжо як за цалкам свядомы ўчынак.
Найлепшы спосаб каб аб нечым даведаліся як мага больш людзей – казаць шэптам, асобна і пажадана са словамі тыпу «гэта толькі асабіста табе кажу, захавай у таямніцы». Вельмі дзейсны метад.
Не размаўляць увогуле – немажліва, бо гэта самы распаўсюджаны спосаб перадачы інфармацыі. Таму, калі заўважаеш за сабою клопат з гэтай справай, варта як мага хутчэй брацца за працу і нешта з гэтым рабіць. Спачатку навучыцца проста маўчаць, потым каб прамаўчаць у сітуацыі калі лепш прамаўчаць, а пасля вучыцца гаварыць тое, што трэба гаварыць, што будзе адпаведным і канструктыўным. І варта памятаць, што чым менш гаворыш, тым лепш і верагоднасць пашкадаваць потым таксама меншая.
Некаторыя людзі ўвогуле сумняваюцца ці мажліва каб размова не пакінула пасля нейкіх нясмачных крышынак, але гэта напэўна неправідловае меркаванне, справа толькі ў тым, што добрая размова патрабуе значна больш, але і дае таксама не менш. Варта прыслухацца да рады з Бібліі: «Пры шматслоўі ня ўнікнуць грэху, а хто стрымлівае вусны свае — разумны.» (Выс. 10:19)

четверг, 3 декабря 2015 г.

«Сябар»
















Прыклад сяброўства – сяброўства між хлопчыкам і сабачкай? Дзіўныя погляды ў ідэолагаў і рэкламшчыкаў, але гэты пост пра іншае.
Сяброўства і сябар. З цягам часу разуменне і сэнс які маюць гэтыя паняцці змяняецца. У дзяцінстве гэта тыя, з кім мы разам гулялі, гойсалі дзе не трэба, запрашалі адно аднаго на нейкія асабістыя святы, а часам абедалі за іхнім сямейным сталом, бо дадому далёка - трэба праз увесь двор топаць. Потым разам хадзілі ў школу ці нейкія іншыя заняткі. Потым гэта былі тыя з кім да позняй ночы сядзелі ў двары ці дзесьці яшчэ. А ў пэўным моманце гэты сябар застаецца толькі адзін, але гэта ўжо іншыя адносіны: шмат часу разам, падтрымка і дапамога, давер, пэўныя ахвяры дзеля сябра... Сябар становіцца найбліжэйшай асобай. Той, каму я давяраю, хто мне дапамагае, падтрымлівае ў цяжкіх сітуацыях, хто гаворыць гледзячы ў вочы: шчыра, з клопатам і пашанай, але гэта таксама і той, хто гэта ўсё атрымлівае і з майго боку. Сяброўства патрабуе адказнасці, вернасці і, безумоўна, ахвяр.

А ёсць сяброўства на якое вельмі цяжка адважыцца, каб сапраўды, без рэшты. Не, не таму, што гэта нехта дрэнны, наадварот – гэта найлепшы з мажлівых сяброў. Чаму так? Трэба шмат адвагі каб адказаць на гэтае пытанне шчыра. Можа таму, што гэтае сяброўства патрабуе канкрэтнага рашэння? Патрабуе каб раз і назаўсёды, без падстрахоўкі і мажлівасці потым адмовіцца? Можа таму, што калі гэта найлепшы сябра з мажлівых, дык астатнія блізкія табе людзі памеркнуць, а з часам, бо не зможаш прысвячаць ім столькі часу як раней, адыдуць? Адмовіцца каб атрымаць іншае, але як жа цяжка адмовіцца ад таго што важнае для цябе. Добры сябар – гэта той, хто гатовы на ахвяру дзеля цябе, гатовы цярпліва чакаць, не патрабаваць таго, чаго не можаш яму даць, можа калісьці так, але не цяпер. Сябра заўсёды верны, пытанне толькі са мною.