понедельник, 30 ноября 2015 г.

Другі дзень Адвэнта
















Чувайце і маліцеся... Грэх, абыякавасць, незадавальненне, страта цікавасці да жыцця... можна працягваць доўга, сэнс у тым, што ўсе гэтыя станы прыходзяць не адразу. Паступова, дзень за днём, з цягам часу гэта абцяжарвае сэрца і пачынае руйнаваць знутры. Спачатку становішся абыякавым, трошкі нядбалым, потым з'яўляецца цынічны сарказм, потым... потым лепш адважыцца на станоўчае «стоп!». Да чаго прыводзіць цынізм? Што будзе пасля яго? Бессэнсоўнасць? А далей? Пустэч? Крок за крокам не ў тым напрамку...
Сёння другі дзень Адвэнта, а як там з выкананнем пастаноў? Можа ніяк? Ці яе ўвогуле і не было? Абыякавасць, нядбаласць... можа ў суботу прыйшло зразуменне што так і не прыдумаў вартага плану працы над сабой на гэты перыяд радаснага прыгатавання? Можа так стацца што шмат гаворыш, ведаеш, вучыш на гэтую тэму, а сам не спыніўся нават каб разважыць... абыякавасць, нядбаласць...
«Чувайце і маліцеся каб вы маглі...» каб мець мажлівасць заўсёды, трэба і працаваць заўсёды, трэба быць заўсёды прыгатаваным каб рашуча зрабіць крок. Прывязанасць да камфорту і пастаянны празмерны клопат аб штодзённых жыццёвых справах, можа моцна абцяжарыць сэрца, прыцьміць зрок... абыякавасць, нядбаласць...
Ўся справа ў тым, што калі сённяшні дзень будзе адпаведна перажыты – выкананне абавязкаў, малітва, добрае выкананне зробленай пастановы – будзе лёгка выканаць словы «Калі ж гэта пачне адбывацца, тады выпрастайцеся і падыміце галовы вашыя, бо набліжаецца адкупленне вашае», а ў бліжэйшай перспектыве добра і сапраўды радасна перажыць свята Божага Нараджэння.

P.S.
Учора заахвота, сёння прыклад як гэта рабіць. Адвэнтовая літургія Слова прыгожа навучае, паказваючы што жыццё паводле Евангелля з'яўляецца мажлівым. Можна радыкальна адмовіцца ад штодзённасці, да якой прызвычаіўся, і адважыцца на прыгоды з Езусам.

четверг, 26 ноября 2015 г.

 Настардамус памыліўся і Адвэнт усё ж распачнецца!
















Учарашняя катэхэза для моладзі на тэму Адвэнта, якую мне патрапіла правесці, у суботу «Андрэйкі», а ў нядзелю ўжо непасрэдна распачнецца Адвэнт... Карацей, актуальная тэма. Трэба зрабіць добрую пастанову, а можа і не адну, каб больш плённа гэты час перажыць і прыгатавацца да свята якое хутка набліжаецца.
Адвэнт – гэта не пост. І гэта варта ўсвядоміць і памятаць. Гэта час які мае іншыя аспекты і вартасці. Вельмі добра што ёсць гэтая розніца, бо разважанне розных этапаў гісторыі Збаўлення, патрабуе таксама і розных варункаў і акцэнтаў на іншыя моманты, як і кожны этап жыцця – гэта іншыя пытанні і іншыя адказы.
Адвэнт... Падрыхтоўваючыся да ўчарашняй катэхэзы, злавіў сябе на пачуцці гэтага асаблівага святочнага настрою. Дзіўна і прыемна. Дзіўна, бо яшчэ нават Адвэнт не распачаўся, прыемна, бо для мяне, напрыклад, гэта вельмі радаснае свята. Распачнуцца раратнія Імшы, перапоўненыя дзецьмі з запаленымі ліхтарыкамі і ззяючымі, не менш чым ліхтарыкі, вачыма. Твары дарослых стануць трошкі больш сур'ёзнымі. З аднаго боку стане цішэй навокал, з іншага будзе больш мітусні і прыгатавання. Адвэнтовыя рэкалекцыі, чэргі на споведзь... Усё гэта складае асаблівую атмасферу.
А можна перажыць гэты час інакш. Гэта свята можна не заўважаць увогуле, перажыць абыякава, перажыць дрэнна. Яно можа стаць бессэнсоўнай мітуснёй, чымсьці, што будзе толькі звычайнай традыцыяй: сесці за адным сталом і, як гэта нярэдка бывае, ціха пераседзець коса паглядаючы з пад ілба. Можна нават абысціся без малітвы перад Вігіліяй і не ўспамінаць у гэтай малітве тых, хто не мае такой мажлівасці сабрацца разам усёю сям'ёю, за адным сталом. Можна не дзякаваць Богу за гэтую мажлівасць быць з блізкімі і мець мірнае неба над галавою. А, так сапраўды, ёсць за што дзякаваць. Дзякаваць за той жа супакой. Вайна далёка і блізка, дзесьці забіваюць фізічна, дзесьці псіхалагічна, дзесьці маральна, а дзесьці духоўна. Сваркі ў сем'ях, між сябрамі, між знаёмымі, ў чарзе перад касай.

А яшчэ магло так стацца што гэтага тэксту ўвогуле не было б, бо ўчора, як прадказаў Настардамус, павінен быў настаць канец свету, але ці то ён памыліўся, ці мы нешта наблыталі і жыццё працягваецца. Гэта значыць што ёсць яшчэ мажлівасць стаць лепшым, змяніцца. Гэта значыць што яшчэ адзін Адвэнт перыяд радаснага прыгатавання перад намі. Добрай працы і выканання пастаноў:)

понедельник, 23 ноября 2015 г.

Адзінства ў адменнасці!
















Кожны чалавек іншы. Гэта іншы велізарны сусвет напоўнены думкамі, марамі і пачуццямі. Іншыя інтарэсы, радасці і турботы, досвед. Іншы пункт гледжання і спосаб разумення.
Кожная, напрыклад парафіяльная, супольнасць, таксама мае адменныя рысы: іншая атмасфера, традыцыі, адносіны між людзьмі. І гэта можна заўважыць калі перажыць з гэтай супольнасцю хаця б адзін дзень. Калі не прыглядацца, то ўсё выглядае таксама як і паўсюль, але калі з цікавасцю прыгледзецца, то гэтыя заўважаныя разынкі распавядаюць і абуджаюць інтарэс, каб далей гэтую супольнасць адкрываць і ёю цікавіцца. Але нягледзячы на гэтыя адрозненні мы ствараем нешта адно цэлае, моцнае і прыгожае.
На жаль рэдка, але ўсё ж даводзіцца, перажыць той ці іншы дзень з іншай супольнасцю, прыгледзецца, набрацца досведу і проста больш актыўна і цікава пражыць дзень. І здараюцца сітуацыі над якім потым праз пэўны час разважаеш і робіш высновы. І разважаючы сённяшняй раніцай над тэкстам Евангелля на сённяшні дзень, прыпомніліся падобныя абставіны якія сам назіраў. Дык вось, як распавядае сённяшняе Евангелле, ёсць дзве скрайнія паставы, між якімі безумоўна ёсць і сярэдзіна, людзей, якія складаюць ахвяры: тыя, хто дае маючы ўдосталь і ганарыцца тым, што дзеліцца маючы вялікі запас і ніяк не турбуецца гэтай «стратай», чыніць гэта на паказ і жыве ў ілюзіі сваёй велічы і тыя, хто гатовы з даверам аддаць астатняе. Першыя - нярэдка пустыя, а таму і гучныя, другія – нярэдка незаўважаныя і ціхія, бо перапоўненыя да берагоў.
Дарэчы з супольнасцямі падобная сітуацыя, бо людзей яднае адзін інтарэс і спосаб дасягнення супольнай мэты. І хоць ёсць між намі розніца, кожны, раней ці пазней, разумее, што крочыць ў адзіноце далёка не атрымаецца, кожны ў пэўныя моманты патрабуе дапамогі і падтрымкі. А тым больш, што адменнасць чыніць працу больш крэатыўнай, цікавай і плённай.

четверг, 19 ноября 2015 г.

Усяго хіба лепш не ведаць...
















«А калі б я ведаў...», «Чаму я так позна гэта зразумеў?»... Чалавек пазнае свет не адразу, але з цягам часу. На працягу ўсяго жыцця ён збірае досвед, адкрывае нешта новае, руйнуе старыя і будуе новыя ілюзіі. Часам здаецца што можа было б лепш каб адразу ўсё ведаць, разумець, бо можа не было б столькі памылак, змарнаванага часу і гэтак далей, але ці так сапраўды было б добра? Хіба цікавасць да жыцця знікла б ужо на другі дзень існавання. Бо які сэнс? Вядома як жыць, вядома мэта, дзеля чаго жыць, а застаецца толькі чакаць калі настане момант смерці кульмінацыя, галоўны момант дзеля якога жывём і стараемся жыць як найлепш. Ці перастаў бы чалавек рабіць памылкі? Хіба не, рабіў бы спецыяльна каб гэтае жыццё неяк разбавіць, напоўніць. Ці быў бы чалавек больш радасным? Знікла б некалькі матываў для яе. Радасць адкрыць нешта новае, зразумець, радасць навучыць, падзяліцца досведам, радасць працы над сабою і збірання плёну гэтай працы. Не было б выключных, творчых, цікавых сваёю адменнасцю людзей. Усе б усё ведалі і добра разумелі.

Але ёсць інакш: узлёты і падзенні, адкрыцці, знаходзім і зноў губляем сэнс. І так сапраўды ёсць добра.

вторник, 17 ноября 2015 г.

Розныя бываюць спатканні...

У кожным чалавеку ёсць моцная патрэба быць прынятым, заўважаным. Яна настолькі моцная, што ўсё астатняе можа згубіць сэнс калі гэтая патрэба не будзе заспакоена.
Закхей, з сённяшняга Евангелля, вырашае змяніць сваё жыццё пасля таго як быў прыняты і адчуў падтрымку з боку Езуса. Цікава што Езус не гаворыць яму нічога на тэму навяртання, не заахвочвае да яго, але гэтае рашэнне змяніць жыццё паходзіць з сэрца самога Закхея. Адно спатканне можа змяніць усё жыццё.

Ёсць людзі, чыя прысутнасць цалкам змяняе атмасферу. Інакш пачынаеш гаварыць, іншыя паводзіны ў тых жа абставінах, ён можа нічога не сказаць услых, але прысутнасць гэтага чалавека неяк кажа табе паводзіць сябе інакш.

понедельник, 16 ноября 2015 г.

Міласэрнасць і дабро
















Сакраманты, абвяшчэнне і міласэрнасць – тры асноўныя аспекты Касцёла якія не могуць існаваць адно без аднаго.
У апошні час даводзіцца шмат чуць менавіта аб міласэрнасці, другі дзень засяроджання (які адбываецца раз на месяц) прысвечаны гэтай тэме, які правёў зноў жа дырэктар арганізацыі Caritas, але іншы і нават з іншай краіны і разважанні гэтай тэмы мелі іншыя аспекты, год Міласэрнасці, які хутка распачнецца ў Касцёле, сённяшняя ўрачыстасць... Цікавая тэма, пра яе можна шмат казаць, а чаму б і не?
Быць сапраўды гатовым да акту міласэрнасці – гэта адважыцца падзяляцца нечым важным для сябе самога, з тым, хто гэтага таксама вельмі моцна патрабуе ў канкрэтны момант, разумеючы што могуць не падзякаваць, не пахваліць, агулам, быць свядомым што не атрымаеш нічога замест.
Так, вельмі важнай з'яўляецца гэтая матэрыяльная дапамога, але варта памятаць, што матэрыяльная беднасць з'яўляецца вынікам беднасці духоўнай. І нават самыя добрыя акцыі дапамогі могуць рассыпацца пры занядбанні духоўнага аспекту.
Кожнае зло вынікае з недахопу любові. Чамусьці так проста зрабіць нешта злое, нізкае, банальнае, а нешта вартае, добрае, патрабуе часам сапраўды вялікай мужнасці, пераадольвання сябе і нейкага нерацыянальнага сораму ўнутры, супраціву. Ёсць гэтае разуменне што трэба больш добрага, але... Не, не ёсць так, што нібы ў свеце больш зла, проста яно крычыць гучней, проста паўсюдна меркаванне ўзвялічваць яго і надаваць яму большую вартасць чым належыць. А добрае? Яно ёсць, ціха, але моцна, незаўважальна, але паўсюдна.

четверг, 12 ноября 2015 г.

Нобелеўская прэмія - добрая рэклама!
















Нобелеўская прэмія - добрая рэклама для лаўрэата. Нядаўна беларуская пісьменніца, Святлана Алексіевіч, стала лаўрэатам гэтай прэміі, што і прыцягнула маю ўвагу да яе творчасці. Дзве кнігі, дзве важныя падзеі: Афганістан і Чарнобыль. Пытанне «хто мы?». Гэта кнігі якія варта прачытаць сённяшняй моладзі, гэта пытанні над якімі варта разважыць.
Неяк дзіўна было гэта чытаць. З аднаго боку нейкая цікавасць і пэўны грамадскі абавязак, бо ўсё ж Нобелеўская прэмія, з другога, часам жудасна даведвацца якімі катэгорыямі можа думаць чалавек, наколькі можа быць перакананым у хлусні. Дзве розныя праблемы, Афганістан і Чарнобыль, але паводзіны людзей падобныя: з аднаго боку адданасць, гераізм, любоў да Радзімы і іншага чалавека, самаахвярнасць, давер, з іншага эгаізм, дбанне толькі пра сябе і сваё становішча, абыякавасць, нядбаласць, здрады...
Аўтар так змяшчае маналогі, што гэты кантраст неяк разбівае, нібы прывыкаеш ужо чытаць аб гераізме, адданасці, а тут нечакана крытычны маналог без пафасу і рамантыкі.
Чытаючы пра Афганістан, перад вачыма Ўкраіна, вельмі падобна ўсё: чалавек забівае чалавека,цярпенне маці, жонак, дзяўчын і дзяцей, смерць маладых і моцных хлопцаў і мужчын, таксама неаднойчы за інтарэсы іншых асоб. Нядаўна здрады дасведчыў «Беркут», хто будзе наступным? Вайной ніколі не асягнуць супакою і справядлівасці.
Чарнобыль... Зусім недалёка, у адным з самых чыстых куткоў Беларусі, будуецца АЭС, але сітуацыя, хіба, іншая: няма той сляпой веры ў «мірны атам», у якасць будаўніцтва, але калі пра гэта распачынаецца размова, то гэта звычайна ці абыякавасць, ці сарказм, супраціў не мае сэнсу. Застаецца толькі спадзявацца што ў выпадку сур'ёзнай аварыі рэакцыя будзе іншай чым на Чарнобыль. Афганістан не навучыў, не зроблена адпаведных высноў, ці варта чакаць змены пастаў тут?
Але не варта губляць веры у тое, што чалавек можа быць добрым. Тым больш, што прыкладаў навокал сапраўды шмат!

среда, 11 ноября 2015 г.

Радасць навучання!

     














 Якое ж гэта прыгожае заданне вучыць дзяцей! Распавядаць і бачыць зацікаўленасць, радасць, ззянне ў вачах... Задаваць пытанні і бачыць гэтае жаданне адказаць, быць першым і чуць, часам нават зусім непрадказальны, адказ.
Першая, у пэўным сэнсе, бо даводзілася, але ў іншых варунках, катэхэтычная практыка, прыгатаванне і наперад! Заходзіш у амаль яшчэ пустую сальку, бо яшчэ з паўгадзіны да катэхэзы, вітаешся з сястрою і распачынаеш усё прыгатоўваць: праектар, ноўт, маркеры, праглядаць кантрольны раз прэзентацыю. Паціху збіраюцца дзеці, з некаторымі прыходзяць бацькі і бабулі і я пачынаю трошкі хвалявацца. Вось і настаў час распачынаць, а перада мною каля сарака дзетак і групка дарослых... Прывітанне, малітва, кароткае знаёмства. Распачынаю прадстаўляць тэму, бачу што выходзіць ўсё добра і перастаю хвалявацца. Дзеці зацікаўлена супрацоўнічаюць, распавядаю тэму і настае час працы ў групах: дзве групы, два ватманы.
 Цікава назіраць за дзецьмі якія робяць нешта адно ўсе разам. Падводзім вынікі і мяне прыемна здзіўляе як дзяўчынка распавядае слова ў слова тое, што я гаварыў. Супольная малітва і развітанне.
Вучыць дзяцей, хоць і часам здараецца рознае, неверагодна прыгожа і радасна!)
Бог!


понедельник, 9 ноября 2015 г.

Чатыры разы пачуць каб зразумець.

«Распачынаецца чарговы тыдзень, трэба было б нешта напісаць... але пра што? Божа, дапамажы... Нешта прыдумаецца, але пазней, цяпер трэба іншыя справы павырашаць» - такія вось думкі з'явіліся ў маёй галаве, а праз некалькі гадзін я нечакана трымаў у руках лісток паперы з тэкстам напісаным маёю ж рукою. Першы пост тут. Але пра тэкст:

«Чарговы (чацвёрты, бо нядзельная практыка якая складаецца ў асноўным з удзелу ў 4 Імшах) на дзень чуючы тэксты літургіі Слова, прыйшло нарэшце зразуменне думкі якая аб'ядноўвае гэтыя чатыры тэксты і таго што што Бог хоча праз іх сказаць. Матыў поўнай адданасці Яму, а прыкладам такой адданасці сталі дзве жанчыны, простыя, убогія жанчыны і безумоўна сам Езус. І прыйшла такая думка, што можа ўсе нашы турботы і цяжкасці маюць сваю крыніцу ў адсутнасці гэтай поўнай адданасці. Трошкі сэрца туды, трошкі сюды, як кажуць:«чорту свечку, ды і Богу агарак». І вось ты стаіш такі развалены і разумееш што такім разваленым не атрымаецца зрабіць нават кроку, а трэбы неяк сабрацца ў адно цэлае, бо стаяць на адным месцы таксама не найлепшы выхад. Сабраць сябе ў адно цэлае і зрабіць нешта адно самым галоўным у жыцці? Над гэтым варта разважыць глыбей...»