воскресенье, 24 июня 2018 г.




 Казанне на Ўрачыстасць Нараджэння Святога Яна Хрысціцеля
Умілаваныя ў Хрысце Браты і Сёстры, на сённяшнюю 12 звычайную Нядзелю выпадае Ўрачыстасць Нараджэння Святога Яна Хрысціцеля, апошняга прарока старога запавету, “найвялікшага сярод людзей”, як акрэслівае яго Езус. Сённяшняя Літургія Слова кіруе нашую ўвагу на яго асобу і сапраўды варта разважыць і прыгледзецца ў чарговы раз да адной з ключавых фігур у Гісторыі Збаўлення.
Ўжо самыя першыя весткі пра яго здзіўляюць, бо сапраўды гэта не звычайна, калі аб нараджэнні дзіцяці бацькам распавядае анёл, а не толькі распавядае, але і дае заданне як яго выхаваць і прадказвае кім ён будзе. Тут варта звярнуць увагу, што бацькі Яны былі ужо ў старэйшым узросце, яны ўжо пражылі жыццё і напэўна не спадзяваліся такой навіны – іх жыццё блізіцца да канца, як і скончваюцца часы Старога Запавету. Гэта цікавая паралель, напэўна і ў тыя часы было шмат людзей, якія спадзяваліся і чакалі Місію, але мелі сумневы ці нешта яшчэ будзе, ці Божыя абяцанні будуць споўнены, але патрэба было адпаведнага моманту ў гісторыі чалавецтва, ў які б Бог споўніў сваё абяцанне і ў чарговы раз прыпомніў і паказаў чалавеку, што памятае і клапоціцца аб ім і зрабіў гэта такім чынам, каб чалавек мог ўбачыць і зразумець што адбываецца. Для нас гэта чарговая заахвота верыць у аб’яўленную праўду і таксама не баяцца смерці, бо маем абяцанне перспектывы і новага жыцця якія ў сваім часе споўняцца, заахвота давяраць Богу, які запрашае нас на свой шлях. “Я зраблю цябе святлом народаў”
Застанемся яшчэ на момант пры бацьках Яна. Сённяшняе Евангелле распавядае пра іх супрацоўніцтва з Божым провідам, атрымаўшы заданне, адказваюць на яго сваім удзелам і выконваюць атрыманыя, скажам так, “інструкцыі”, згаджаюцца на прыняцце дзіцяці, нягледзячы на супраціў родных даюць яму імя Ян і выхоўваюць сына дазваляючы крочыць яму за пакліканнем. Як гэта важна, калі бацькі не абмяжоўваюць свабоды сваіх дзяцей і дазваляюць выбраць жыццёвы шлях згодны з іх пакліканнем, якія разумеюць сваю ролю і старанна выконваюць менавіта яе, не беручы на сябе не сваіх абавязкаў.
“А дзіця расло і ўзмацнялася духам, і заставалася на пустыні да дня з’яўлення свайго перад Ізраэлем.” Пустыня ў Святым Пісанні мае значэнне месца асаблівага спаткання з Богам, безумоўна, гэта небяспечнае месца дзе падсцерагае шмат небяспек, дзе з лёгкасцю можна загінуць, але менавіта пустыня стала месцам спаткання Бога з прарокамі і павадырамі выбранага народа, менавіта ведучы праз пустыню Бог выхоўваў народ. Так і для Яна пустыня стала месцам спаткання з Панам і месцам яго ўзрастання, дзякуючы ёй таксама, ён стаў тым “найвялікшым з сыноў чалавекых”, тут ён прыгатаваўся да спаўнення свайго паклікання, свайго задання. І варта нам разважыць, колькі ў нашым жыцці ёсць такой пустыні, такой прасторы спаткання з Панам, прасторы змагання з грахом, які падсцерагае ў кожны момант, але які мы можам перамагчы супрацоўнічаючы з Божай ласкай. Ці ёсць увогуле такая прастора ў маім жыцці і ці я разумею патрэбу сталай працы над сабою і патрэбу спаткання з Богам?
“Я зраблю цябе святлом для народаў” – прадказвае прарок Ісая, а ці ж ні сваіх вучняў Езус так акрэслівае, заахвочвае, а нават наказвае, каб кожны з Яго вучняў былі святлом для гэтага свету? Варта разважыць прыклад святога Яна Хрысціцеля і навучыцца ад яго шукаць Пана, працаваць над сабою і з даверам крочыць за сваім пакліканнем, прайсці праз выпрабаванні жыццёвай пустыні і пры гэтым памятаць аб тым, якое асабістае сведчанне мы даем, каб гэты шлях таксама не стаў матывам да ганарлівасці, але дапамагаў іншым спаткаць Езуса Хрыста.