четверг, 28 января 2016 г.

 Больш адвагі з талентамі...



Ёсць у некаторых людзей пэўная рыса якая кажа ім хаваць свае таленты. Уменні якія робяць іх арыгінальнымі, выключнымі, але з'яўляецца моцнае пачуццё неадпаведнасці, страх перад тым што скажуць і як успрымуць і гэта не дазваляе ім гэтыя таленты вызваліць і прынесці карысць, карысць не толькі наваколлю але і ім самым. Не дазваляюць сабе на радасць збірання плёну і самаразвіццё, перажыванне жыцця глыбей і мацней. Гэта дрэнна калі наваколле заглушае добрыя таленты.
Зразумець сваю вартасць і адважыцца быць сабою (безумоўна маю на ўвазе быць кімсьці добрым) робячы тое, што адчуваеш – гэта сапраўды вялікі дар. Дар які, як і ўсё добрае, з'яўляецца таксама і заданнем, бо патрабуе не толькі прыняцця, але і сталага паглыблення, узмацнення, клопату, адказнасці.
Так, таленты лепш выкопваць, чым завальваць зямлёю, утрамбоўваць бульдозерам і дазваляць камусьці таптацца па ўсім гэтым. Могуць не зразумець, але на жаль так ёсць, што хутчэй і лепш зразумеюць і ўспрымуць нешта дрэннае, чым вызваленае з цябе дабро, бо пасля доўгага пошуку «сапраўдных» матываў, марудных разважанняў над прычынамі і наступствамі і гэтак далей, ужо няма ніякай ахвоты радавацца і сапраўды ацэньваць тваю паставу, таму нярэдка можа пачуць нешта кшталту: «Не, усё роўна тут нешта не тое...».
Не варта знеахвочвацца, варта адважыцца вызваліць свой талент.

вторник, 19 января 2016 г.

«127 гадзін»


Што азначае быць моцным чалавекам? Шмат! Адзін з аспетаў – не дазволіць абставінам пераламаць цябе. І гэта датычыць не толькі экстрэмальных сітуацый, але і штодзённасці.
Часам мы чуем гісторыі пра моцных людзей, нам гэта спадабаецца, цікавіць, часам бяром з іх прыклад, атрымліваем узмацненне, такія прыклады дапамагаюць абудзіць матывацыю, заахвочваюць да большай актыўнасці і адвагі.
І вось мне давялося ўбачыць гісторыю аднаго альпініста, кіно на падставе сапраўднай гісторыі моцнага духам чалавека. «127 гадзін» змагання з адчаем, сабою і абставінамі, намаганні вызваліцца і, пасля зразумення што можа быць толькі адзін выхад, мужны выхад праз яго. Пераадолець, не зламацца, сказаць «дзякую!»(адзін з мацнейшых момантаў кінафільма), зрабіць вынікі а пасля змяніць жыццёвую паставу і жыць яшчэ глыбей – так можа толькі сапраўды моцны духам чалавек, такі прыклад варты наследавання.

Розныя абставіны могуць змяніць жыццё. Звычайныя і экстрэмальныя. Яны могуць навучыць, а могуць і не навучыць. Зрабіць моцным ці зламаць. Сапраўды лічыцца тое, якой будзе твая рэакцыя.

четверг, 14 января 2016 г.

Чалавек патрабуе чалавека!



Хіба самай жудаснай стратай для чалавека з'яўляецца страта сэнсу. Калі тое, чым ён жыў, што будаваў аддаючы ўсе свае сілы, патэнцыял, што было найважнейшым, цэнтральным, сэнсам... калі ўсё гэта руйнуецца чалавек ламаецца. Яшчэ нядаўна ўсё было добра і перспектыўна, а цяпер ён стаіць з пустымі рукамі, здзіўлены і спалоханы. Не засталося нічога, навокал цемра, ён адзін і ўжо нічога не можа зрабіць, няма ні жадання ні сілы. І ў гэты момант ён вельмі моцна патрабуе дапамогі, каб знайшоўся хоць нехта хто яго заўважыць і заахвоціць зрабіць крок, хоць адзін, хоць маленечкі, не важна ў якім напрамку, бо не гэта цяпер галоўнае, важна зрабіць першы крок, каб узняцца, каб абудзіць надзею, каб пераадолець страх і адчай.
Чалавек патрабуе чалавека. Які б ты моцны ні быў, колькі б ведаў і досведу не меў, ёсць хвіліны і абставіны дзе ты сам не зможаш знайсці добры, а нават і наогул, выхад. Канчатковае рашэнне безумоўна належыць толькі да цябе, бо перад усім менавіта табе потым збіраць плён, але сапраўды важныя рашэнні патрабуюць дапамогі звонку, іншага погляду, шырэйшай перспектывы. Важна каб гэты чалавек быў шчырым і адказным, каб меў досвед і разважлівасць, і пажадана каб не меў свайго інтарэсу ў справе.
Так, гэта калі чалавеку дрэнна і цяжка, а ці ён патрабуе іншай асобы калі яму добра? Калі асягнуў поспех, атрымалася здзейсніць нейкую справу, пераадолець нешта, перамагчы? Ці тады ён таксама патрабуе кагосьці каб з ім гэтым падзяліцца, каб перадаць зарад сваёй радасці яшчэ і іншаму? Калі не, то які тады ў гэтых перамогах і дасягненнях сэнс? Навошта намаганні, пераадольванні і ахвяры? Ці не жывем мы ў вялікай ступені дзеля іншых, прысвячаючы ім час, клопат, працу?
Чалавек патрабуе чалавека і важна ўмець адказна гэтую патрэбу заспакоіць, памятаючы што і цябе вельмі патрабуюць і будучы гатовым гэтую дапамогу даць.

понедельник, 11 января 2016 г.

Варта цаніць цяжкасці!


За чым пайсці ў жыцці? Якой справе прысвяціць сябе? На якую вяршыню варта аддаць усе свае сілы ўзбіраючыся на яе? Кожны з большай ці меншай свядомасцю, вольнасцю і адказнасцю, ўсё ж сам выбірае свой жыццёвы шлях. Вырашае ці зрабіць наступны крок ці можа лепш не падпісвацца. І чым большую свядомасць наступстваў (добрых і благіх) маеш, тым цяжэй даецца выбар. Кожная вартая праца патрабуе адпаведнай працы, ахвяры, вернасці... Цяжкасці неаднойчы добры сведак адпаведнасці таго, што робіш. Калі змагаешся – вучышся, набіраеш больш вопыту, напаўняеш большым сэнсам сваё быццё і робіш гэтае быццё больш вартым. Чамусьці так мала хто умее цешыцца таму, што мае ў сваім жыцці цяжкасці, цаніць выпрабаванні якія спатыкае на сваім шляху, разумець вартасць актуальнага моманту і абставін. Не варта ўцякаць ад цяжкіх сітуацый, іх трэба вырашаць, мужна і разважліва выйсці насупраць, бо толькі так можна іх пераадолець і асягнуць поспех.
Жыццё можа быць сапраўды добрай прыгодай, ці такой стане шмат залежыць ад цябе. Не ўсё у жыцці залежыць ад нас самых, але сапраўды шмат.

суббота, 9 января 2016 г.

Навяртанне


Чалавек умее хутка прызвычайвацца. І няма вялікай розніцы ці гэта нешта простае, штодзённае, як праца, вучоба ці атмасфера ў якой жыве, ці гэта нешта надзвычайнае, як моцныя эмоцыі, рызыкоўныя абставіны, надзвычайныя падзеі, цуды... Раней ці пазней усё гэта стане чымсьці звычайным, перастане здзіўляць а нават можа знеахвоціць. Хіба кожны неаднойчы заўважыў што тая ці іншая рэч ці справа моцна захаплялі калі былі яшчэ чымсьці да чаго трэба імкнуцца, дзеля чаго працаваць і прыносіць ахвяры, але калі гэтае нешта ты ўжо трымаеш у руках, яно ўжо не такое цікавае. Стала звычайным і ўжо няма тых моцных пачуццяў якія былі раней.
Што такое навяртанне? Напэўна гэта калі ты адышоў ад чагосьці, а потым, зразумеўшы яго сапраўдную вартасць і патрэбу, зноў вяртаешся да гэтага. Калі казаць пра навяртанне хрысціяніна, то гэтае навяртанне адбываецца штодня. Бо чалавек хутка прызвычайваецца. Калі распачынаеш абмяжоўваць справы веры на карысць іншых патрэб і абавязкаў, з часам яна становіцца чымсьці размытым, перастае захапляць, цікавіць, здзіўляць і... проста перастае быць нечым важным. Калі вера праяўляецца толькі ў пабожных практыках ад часу да часу, без сталага паглыблення, узмацнення, новых адкрыццяў – звычайная справа што гэтая сфера жыцця, хоць насамрэч з'яўляецца самай важнай бо менавіта яна надае жыццю сапраўдны сэнс, усё больш становіцца чымсьці другасным. Вера – гэта адносіны, а адносіны патрабуюць сталых стасункаў між асобамі. А не бывае такіх адносін якія стала з'яўляюцца добрымі, глыбокімі, таму мы і маем патрэбу навяртання. Кожны дзень становячыся перад выбарам мы гэтыя адносіны альбо паглыбляем і умацоўваем, альбо руйнуем. Кожны дзень, на працягу ўсяго жыцця, таму таксама важна быць аб'ектыўным і, замест каб калі разумееш што далёка ад Яго займацца самабічаваннем зрабіць крок да навяртання, а калі бачыш што ўсё добра не занадта ганарыцца, але проста дзякаваць і радасна перажываць гэты час, бо сапраўды невядома якім будзе твой выбар заўтра.
І варта памятаць што вельмі шмат залежыць менавіта ад цябе, бо з таго боку заўсёды можаш атрымаць прабачэнне, адкрытасць і прыняцце.