среда, 30 марта 2016 г.

Спытаць?  А чаму б і не...


Калі ты чагосьці не разумееш, ёсць два выхады: уцячы і пастарацца знайсці адказ, зразумець у чым справа. Нібы першы варыянт прасцейшы, але варта памятаць, што яго наступствам можа быць жаль што не быў адважным каб зразумець, пашукаць, спытаць. Можа прыйсці расчараванне, бо замест перспектывы атрымаць нешта ці прыняць удзел у справе, ты проста ўцёк.
І, як альтэрнатыва, пошук адказу. Справа таксама неадназначная, бо не на ўсе пытанні можна атрымаць адказ, бо часам цяжка прыцяць адказ такі, які ён сапраўды ёсць, бо веданне адказу абцяжарвае абавязкам і адказнасцю. Але тут няма жалю што не зрабіў крок, бо ён зроблены, тут можа з'явіцца пытанне ці варта было лезці, атрымліваць гэты адказ і цяпер думаць што зрабіць далей, як дапамагчы ці як не падпісацца на дапамогу, але таксама каб не скрыўдзіць.

Ці лепш не ведаць якойсьці справы і ўцячы калі паўстане пытанне? Хіба не. Бо ці ж не жыццё ў праўдзе чыніць нас вольнымі? Калі ты спатыкаешся з клопатам будучы шчырым, гэта іншае чым спаткацца з ім напоўненым хлуснёй.


пятница, 18 марта 2016 г.


І ўсё ж дзіўныя мы людзі! Ну так, філасафічна і гучна. Пад гэтае выказванне можна шмат чаго падпісаць, што будзе характарызаваць чалавека, яго дзіўнасці і супярэчнасці з якіх ён складаецца. І адна з такіх супярэчнасцяў праяўляецца ў тым, што мы хочам аднаго, а робім іншае, просім, атрымліваем прапанову, як адказ на просьбу, але адразу пачынаем шукаць прычына каб адмовіцца. Вось просіш Бога каб дапамог табе знайсці сваё месца ў жыцці, маўляў: «Давай выжмем з яго максімум? Хай прынясе як мага большы плён! Давай пабудуем з мяне нешта прыгожае і вартае? Зробім разам і разам потым будзем захапляцца?», а потым атрымліваеш адказ – пакліканне, агульнае апісанне праекту (якое ўключае і плюсы і не зусім) і інвестыцыі – ласку і закладзеныя ў цябе таленты. Прасіў? Маеш! Цяпер адказ за табою. І вось тут наступае цікавы момант твайго здзіўлення: «Эмм...ну...Ты жартуеш? Так, гэта прыгожа і цалкам файна, але аж такое?», пошукі альтэрнатыў, кампрамісаў і шмат яшчэ цікавасцяў, але актуальным застаецца пытанне: «Падпісваешся? Я ведаю пра недахопы і цяжкасці, добра ведаю тваё сэрца,ты са Мною? Будуем разам?». І тут твой адказ. Які ён будзе, вырашаць табе. Або будуеш сам, або разам з Ім. Шукай рады, шукай падтрымкі, але адказваць табе.



суббота, 12 марта 2016 г.


У сённяшнім свеце так шмат жорсткасці...

 Чамусьці ўспомнілася, як яшчэ ў маім дзяцінстве, па мабільніках было распаўсюджана відэа, на якім маладому салдату адразаюць галаву. Некалькі такіх жа маладых хлопцаў проста, з усмешкамі і жартамі, адразаюць галаву жывому чалавеку. Тады мы з цікавасцю глядзелі гэты ролік нават па некалькі разоў і нават не задумваліся наколькі гэта жорстка, жудасна і несправядліва. Ён меў мары, чаканні, дома чакала маці, а можа нават дзеўчына і вяселле, перад ім усё жыццё, а яму адразаюць галаву, знімаюць на відэа і распаўсюджваюць. Дзеля чаго? Можа дзеля пацехі, можа каб паказаць сілу і напалохаць, але перад ім было жыццё, а яму адрэзалі галаву...
Сёння з маленства мы прызвычайваемся да жорсткасці, несправядлівасці і паглынаем перакананні аб не вартасці іншага чалавека, лічыцца яго карыснасць, а не асоба і глыбіня. Любоў да чалавека? А ці гэта прынясе мне карысць? Калі не, дык які сэнс мне яго любіць?
Так цяжка ўзмываць у высь калі табе перыядычна абломваюць крылы і яны потым не зусім адпаведна зрастаюцца...
Ці можна нешта зрабіць з гэтай жорсткасцю навокал? Яе так шмат і там многія яе любяць... Безумоўна малітва, але калі не будзе канкрэтных учынкаў і паставы, дык яе эфектыўнасць будзе вельмі малой, без пазітыўнага адказу чалавека на Ласку, эфектыўнасць яе будзе мізэрнай.

Усё адносна? Не усё! Але ў дачыненні да зла і жорсткасці ў нашым жыцці гэта правіла дзейнічае добра. Мы спатыкаем розныя праяўлення зла ў сваім жыцці і яны бываюць суб'ектыўна фатальнымі (кагосьці заб'е не залічаная сесія ці звальненне з працы, іншы страціць сэнс калі на яго вачах у дом, дзе прабываюць блізкія асобы, трапляе ракета), кожны мае цяжкасці і хвіліны нязноснага болю. Барацьба са злом у свеце пачынаецца ад барацьбы з ім у сваім жыцці і асяроддзі.


понедельник, 7 марта 2016 г.



Паверыць слову... сёння так нярэдка можна пачуць што словы не маюць вялікай вартасці, што не варта ім давяраць, што яны не маюць моцы і звычайна не спраўджваюцца. Чаму так? Бо можа мы зашмат гаворым, а вельмі мала робім? Можа нас пакрыўдзілі не здзейсненымі абяцаннямі? А можа проста мы самыя нярэдка не можам захаваць вернасці дадзенаму слову і несвядома не давяраем словам вакол нас?
Словам можна забіць, а можна ажывіць. Дапамагчы знайсці сэнс і гэты ж сэнс адабраць.
Сённяшняе Евангелле (Ян 4, 43-54) распавядае пра бацьку які паверыў слову, паводле якога яго сын будзе жаць.
  • Калі ён выздаравеў?
  • Учора, а сёмай гадзіне!
У бесканечным учора. Напоўненым доўгім шляхам дадому і цяжкімі думкамі, сумневамі, змаганнем з жаданнем вярнуцца і змусіць Езуса пайсці разам з ім і непасрэдна аздаравіць сына. Бесканечнае ўчора перапоўненае барацьбой за веру слову.

Ці верыць слову? Залежыць ад асобы якая яго выказвае. Ці даваць яшчэ адзін шанец? Асабісты выбар.


суббота, 5 марта 2016 г.



    Быць самакрытычным – праяўленне пашаны да Бога і да сябе. Мы атрымалі сваё жыццё як дар. Прыгожы Божы дар. Але таксама як і заданне. Заданне прыняць яго і заданне прынесці як мага лепшы плён, хай яго будзе нават не шмат, але якасць яго павінна быць добрай. Пазнаць добра сябе – гэта таксама азначае адкрыць шлях да Бога. Бо кожны мае свой, толькі свой, шлях па якім ён крочыць па жыцці, крочыць да галоўнай яго мэты. І гэты шлях мы адкрываем менавіта праз шчырае пазнанне сябе. Не толькі сваіх добрых рыс, але таксама, а можа нават і перад усім, сваіх зраненняў, клопатаў, слабасці, унутранай пустэчы. Праз пазнанне, самакрытычнае і шчырае, сябе, мы знаходзім свой шлях да галоўнай мэты. Будзь мужным вырушыць у гэты шлях! Будзе неверагодна:)




а часам вельмі нечакана...

вторник, 1 марта 2016 г.

Прабачыць не заўсёды простая справа!


Адной з галоўных спраў у духоўным жыцці з'яўляецца справа прабачэння. Не толькі каб нам былі дараваны нашы грахі і здзейсненае ў дачыненні да нашых бліжніх зло, але каб і мы з сэрца прабачылі сабе і бліжнім. Большасць клопатаў у нашым жыцці пачынае вырашацца як толькі мы пачынаем працаваць над тым, каб прабачыць. Прабачэнне бывае цяжкай справай, таму патрабуе падтрымкі ад Бога і іншага чалавека, не толькі таго, хто можа нам дапамагчы прабачыць, даць добрую раду і падтрымаць, але і таго, каму мы прабачаем. Прабачэнне вядзе да вызвалення, а таму таксама важна каб вызвалены прастор заняць нечым адпаведным.
Так, не заўсёды мы самыя атрымліваем прабачэнне з боку тых, каго мы з большай, ці меншай свядомасцю пакрыўдзілі. Тут зноў жа пытанне адкрытасці на Ласку і іншага чалавека. Прабачэнне іншым не вядзе аўтаматычна да таго, што будуць прабачаць нам, як і тое, што мы самыя, атрымліваючы прабачэнне, не навучымся адразу прабачаць.

Трошкі з гісторыі і цікавае параўнанне:
1 талант = 34, 272 кг золата
1 дынар = сярэдні заробак за дзень працы
Нехта можа прабачыць 10.000 талантаў, а хтосьці не ўяўляе мажлівым дараваць 100 дэнараў...
Які доўг лягчэй прабачыць?

(Мц 18, 21-35)