понедельник, 20 июня 2016 г.

Гэта неверагоднае пачуццё, калі спаўняеш мару... Калі робіш тое, чаго так даўно прагнуў. Ты робіш крок за крокам, з усмешкай на вуснах, з радасцю якая перапаўняе цябе і не можа змясціцца ў табе, яна разлятаецца навокал і абуджае ўсмешку на вуснах тых, хто побач.
Аўтастоп, горы, сонца, дождж і вецер... Ты адчуваеш, што жывеш. Усе напатканыя прыгоды і цяжкасці – гэта радасць.
Гэтая думка, што твой цяперашні дом – гэта заплечнік, хай часам ён здаецца неверагодна цяжкім (тоны 2 – 3 не менш:)), але гэта ўсё, што ёсць у цябе цяпер.

Калі цябе будзіць крык пеўня, калі ты снедаеш з сям'ёй качак на возеры сярод гор, калі п'еш свежа прыгатаваную гарбату за кіламетры ад горада, калі ты трымаеш у руках мапу і плануеш маршрут на сёння... Такія рэчы робяць жыццё жыццём!








































четверг, 9 июня 2016 г.


Балюча, калі цябе несправядліва ў нечым абвінавацяць. Калі асудзяць за тое, у чым ты не вінаваты. Раніцай чуючы Евангелле, менавіта пра падобнае асуджэнне і рэакцыю на яго, я глядзеў на гэта інакш. Сапраўды, калі ты адчуеш на сабе падобнае асуджэнне, перажывеш гэты боль і прабачыш, ужо інакш глядзіш на такія абставіны. Езус кажа, што кожны, хто гневаецца на свайго брата, падпадае пад суд. Так няпроста бывае не гневацца, прабачыць і быць зноў адкрытым на таго, хто прычыніў табе боль. Але як гэта радасна адчуваць, што ты ўмееш прабачаць, дараваць крыўду, не помсціць, стаяць перад алтаром і мець свядомасць, што не трымаеш у сэрцы крыўды.
«Хто скажа свайму брату «бязбожнік», падпадае пад геену вогненную» - ніхто не ведае, што адбываецца ў сэрцы іншага чалавека, не ведае якія яго адносіны з Богам. А падобная кара за спробу асудзіць твае з Ім адносіны – гэта сапраўды справядліва.



Добрага і радаснага настрою ўсім:)
Сёння будзе добры дзень!))

среда, 1 июня 2016 г.

З Днём Дзіця ўсіх! :)



 
Сёння 1 чэрвеня – Сусветны Дзень Дзіця. Прыгожы, светлы і радасны дзень. Важнае і патрэбнае свята. У гэты дзень уся ўвага скіравана на дзяцей, гэта дзень, калі ім дазваляецца амаль усё, гэта дзень лёгкі і радасны для дзяцей і цяжкі, поўны клопатаў для дарослых, для моладзі, якая ўдзельнічае ў арганізацыі шматлікіх мерапрыемстваў. І ў гэты дзень нельга пакінуць без увагі ніводнага дзіцяці.
Сёння мне пашанцавала і я меў мажлівасць перажыць гэты дзень з асаблівымі дзецьмі, з дзецьмі з інтэрната ў Галавіч полі. Прыгожы канцэрт, падчас якога яны мелі мажлівасць паказаць свае таленты, падзяліцца сваёю радасцю з жыцця, хай сабе і іх мажлівасці абмежаваны больш чым звычайных дзяцей. І гледзячы на іх радасныя твары падчас выступаў, бачна як яны ганарацца тым, што робяць, якая радасць распраменьвае іх вочы, бо атрымліваецца, бо бачаць, што кранулі сэрцы гледачоў. Тыя, хто не выступаў, танцавалі, скакалі, гулялі ў ручаёк і паравозік. Вы бачылі як танцуюць такія дзеці? Гэта вымоўна.



Потым быў футбол. Нядаўна іхняя каманда заняла трэцяе месца ў рэспубліканскіх спаборніцтвах. 4:4 – перамога «дружбы» – вынік сённяшняй гульні. Трэбы было бачыць іх радасць, калі яны забівалі гол, чуць крык захаплення, калі іхні галкіпер не прапусціў мяч у вароты...

Салодкая вата, попкорн, малюнкі на асфальце – гэта стварыла прыгожае свята для гэтых дзяцей. Падаравала ім радасны, поўны ўражанняў дзень.