вторник, 29 декабря 2015 г.

Шчырасць і з Новым Годам!


Адной з адменных рыс дзяцей з'яўляецца шчырасць. Гэта нярэдка становіцца прычынай здзіўлення, смеху і жартаў. Дарослыя звычайна прыпамінаюць гэтыя сітуацыі з усмешкай на вуснах. Дзеці неаднойчы здзіўляюць сваёю шчырасцю, адкрытасцю, пэўнай нетактычнасцю. Яны не прыдумваюць нейкіх хітрых планаў, не задумваюцца занадта што, як і каму гавораць, але кажуць як разумеюць, распавядаюць пра тое, што бачаць і робяць тое, што хочуць зрабіць і так, як могуць. Яны вельмі шчырыя. А гэтага так не хапае ў свеце дарослых. Дзе шмат хлусні, тэатра, неадназначнасці... Дзесьці гэтая шчырасць губіцца і тое, што было натуральным, становіцца клапатлівым, патрабуе шматлікіх намаганняў. Так цяжка быць шчырым. Шчырым з тымі хто побач, а яшчэ цяжэй быць шчырым з сабою. Не хлусіць сабе, не казаць што ўсё добра калі ўсё дрэнна і трэба мяняць нешта, а нават не нешта, а канкрэтныя крокі рабіць: пазбаўляцца таго што перашкаджае, быць адказным у выкананні належнага, шчыра расставіць прыярытэты, ісці шляхам які абраў не хістаючыся ў бакі. Хутка Новы Год і ўсё крычыць аб важнасці гэтага свята, цудах, што ўсё зменіцца і стане лепшым... Рэклама і рэчаіснасць безумоўна на гэтае пытанне маюць адменныя адказы, якому верыць кожны вырашае сам. Верыць ілюзіі азначае верыць што здарыцца цуд, само сабой усё вырашыцца і жыццё будзе як у добрай казцы з happy endам. Чым больш у гэта верыш, тым большае расчараванне цябе спаткае. Не адбываецца ўсё само сабою. Пытанні не вырашаюцца «магіяй» прыдуманага свята. Усё патрабуе канкрэтнай працы з боку чалавека. Таму хай наступаючае свята не будзе пустым і гучным феерверкам, але мажлівасцю шчыра падвесці вынік скончанаму году, прыдумаць добры, хай невялічкі, план на новы год, а само свята мажлівасцю спаткацца з блізкімі, адпачыць і момантам сапраўднай радасці, матывам ўдзячнасці. Хай будзе шчырым і сапраўдным, без ілюзій і хлусні. «Як новы год спаткаеш, так яго і правядзеш!» - так кажуць у нас. Хай вечар і навагодняя ноч не будуць прычынай расчаравання, смутку і пустэчы раніцай 1 студзеня! З наступаючым Новым 2016 годам! Годам прысвечаным разважанню над Божай Міласэрнасцю!

Комментариев нет:

Отправить комментарий