понедельник, 29 февраля 2016 г.



Мала хто любіць чуць праўду прадстаўленую проста ў вочы. Праўду аб вартасці паводзін і праўду аб вартасці перакананняў. Нават калі гэтую праўду выкажуць з павагай і клопатам, усё роўна не шмат знойдзецца тых, хто спачатку разважыць, зробіць высновы і толькі потым пракаментуе тваё меркаванне. Дзіўна што ёсць столькі змагароў за праўду, але так мала тых, хто адважваецца жыць у праўдзе, стала пра яе прыпамінаць сабе, бо насамрэч хутка забываецца, вяртацца да яе і дастасоўвацца да яе, а не яе да сябе.


P. S.: чамусьці калі спатыкаеш шчырасць і праўдзівую самакрытычнасць вельмі здзіўляешся. Але ў той жа час здзіўляешся калі бачыш недавер у адказ на сваю шчырасць і адкрытасць.

четверг, 25 февраля 2016 г.


Калі ты не можаш паверыць звычайным сведкам, дык і нейкія надзвычайныя аб'яўленні цябе так сапраўды не пераканаюць што ёсць так а не інакш. Надзвычайнае можа спалохаць, здзівіць, але хутка не застанецца нават успаміну аб тым што і як здарылася. Надзвычайнае можа быць дапаможным толькі калі ты паверыў і разважыў звычайнае. Неаднойчы мы чакаем нейкіх асаблівых знакаў адпаведнасці перакананняў у пытаннях веры, але не настолькі не бачым безлічы гэтых знакаў, наколькі не хочам іх заўважаць. Розныя ёсць прычыны: бо трэба падумаць, напэўна трэба будзе сябе змяніць, можа ад нечага адмовіцца, бо гэтыя знакі найчасцей не такія як бы хацелася нам.
Каб паверыць не трэба надзвычайных знакаў, трэба агледзецца навокал, уключыць галаву, зрабіць вынікі і адважыцца прыняць іх. Пытанне адкрытасці на Ласку мае тут неверагодную актуальнасць.

вторник, 23 февраля 2016 г.


Як жа прыгожа жыць! Проста жыць. Радавацца і сумаваць. Узмываць як птушка ў неба і каменем падаць уніз. Дзякаваць за тое, што маеш і за тое, што цябе мінула, пагражала, але прайшло побач. Расчароўвацца і зноў знаходзіць надзею. Спаўняць мары і знаходзіць і разважаць над новымі. Знаходзіць сябра і зноў заставацца самотным. Быць сабою, быць шчырым. Быць тым, з кім можна проста глядзець на зоркі, не больш, але і не менш. Захапляцца захадам сонца і світаннем, дажджом і спякотай, бурай і ціхім вецярком. Хутка прачытаць добрую кнігу а потым сумаваць па ёй і з нецярпеннем шукаць новую. Атрымаць падарунак і зрабіць падарунак. Сказаць і пачуць словы падзякі. Падтрымліваць і атрымліваць падтрымку. Бачыць перспектыву і сэнс і ламаць галаву, асабліва калі трэбы было б ужо і спаць.
Так прыгожа проста жыць! Быць радасным і добрым і дзяліцца гэтым...:)


понедельник, 22 февраля 2016 г.


Хто я? Пытанне, адказ на якое знайсці няпроста. Можна пытацца ў тых, хто побач і нібы ведае цябе, але спаткаеш розныя адказы, бо кожны глядзіць і бачыць з рознай перспектывы. Шчыра паглядзець на сябе самому? Але тут шмат перашкод: бо быць шчырым з сабою няпроста, суб'ектыўнасць, самападман – усё гэта не дазваляе адпаведна на сябе паглядзець. І можа выхад у тым, каб два гэтыя аспекты, меркаванне іншых і асабістая самаацэнка, ішлі побач? Безумоўна тут патрэбна шмат шчырасці, адвагі і пашаны каб мець мажлівасць добра адказаць на гэтае пытанне. І безумоўна добрай мажлівасцю дапамагчы сабе знайсці адказ на турбуючае пытанне з'яўляецца асабістая малітва, шчыры і адкрыты дыялог.

P. S.: Проста добрая думка: «Калі хочаш каб табе дапамаглі, ідзі да чалавека які мае шмат працы і вельмі заняты, бо такі чалавек, прабываючы стала ў стане мабілізацыі сваёй энэргіі накіраванай на дапамогу іншым, ніколі не адмовіць дапамогі!».


четверг, 18 февраля 2016 г.

Абыякавасць.



Ці гэта дрэнна? Быць абыякавым, не клапаціцца, не турбавацца, не лезці. Розныя крыніцы мае гэтая пастава. Гэта можа быць і эгаізм і гэта можа быць і альтруізм, так бывае, што чалавек працаваў, узбіраўся вышэй, быў гатовы да ахвяры, калі трэба было, але не ўбачыўшы ў пэўных момантах водгуку, кроку насупраць ці разам у адным напрамку, не атрымаўшы патрэбнай падтрымкі, ён апускае рукі, знеахвочваецца і не мае ўжо ні сілы ні матывацыі каб далей нешта рабіць. Безумоўна гэта дрэнна і перад усім для самога гэтага чалавека, бо паціху знішчае яго, адбірае радасць жыцця, бо пазбаўляе яго мажлівасці збірання добрага плёну сваёй працы і напаўняе бессэнсоўнасцю. Гэта дрэнна і для наваколля, бо яно атрымлівае нейкае гнілое і каравае бервяно замест добрага дрэва, якое прыносіла б добры плён. Сэнсу з гэтага бервяна занадта няма, як толькі парубаць на дровы, ды і тое хіба лепш проста выкінуць. А вось добрае дрэва мае сапраўдную вартасць, яно прыносіць добры і карысны плён, яно можа быць сховішчам і для чалавека і для той жа птушкі, на яго прыемна паглядзець.
Абыякавасць можа быць паставай абароны, бо здаецца што будзе прасцей калі я буду проста пляваць на ўсё і ўсіх, што з часам канешне не спраўджваецца і прыносіць супраціўныя чаканням наступствы.
Так, яна можа быць чымсьці добрым, быць сігналам для наваколля што ў жыцці чалавека, які толькі ўчора палаў энтузіязмам, а сёння згублены і абыякавы, нешта здарылася і ён патрабуе дапамогі, падтрымкі і часам нават новай матывацыі. Іншым пазітыўным момантам можа быць досвед які чалавек атрымае пасля пераадолення гэта стану і «ажыўлення».
Пастава абыякавасці часцей не вельмі адпаведная пастава, безумоўна не варта таксама стала перажываць за ўсё, але тут як і з усім – трэба ведаць меру.

воскресенье, 14 февраля 2016 г.

Pro life - прыгожая справа!


Галоўнае каб было жаданне? Безумоўна так і ёсць, але бывае што іншыя фактары, як час, іншыя абавязкі і г. д. Не дазваляюць зрабіць так, як маеш намер. Серада, 10 лютага, пачатак Вялікага Посту, вечарам пачатак рэкалекцый і запланаванае спатканне з прадстаўнікамі пролайф арганізацый ад якога неяк зашмат не чакалася, а што стала ўсё ж выключнай падзеяй.
Амерыканец, аўстрыец і беларус, гучыць нібы пачатак анекдота, але калі перажываеш спатканне з гэтымі асобамі, застаецца не банальны кароткі смяшок, але сапраўдная доўгатрывалая і будуючая радасць. Даводзілася сустракаць людзей якія палымнеюць нібы ліхтары? Дык вось гэта пра іх! Яркае і моцнае полымя, якое таксама распальвае і тых хто побач.


Каталіцкі святар, Шэнан, прэзідэнт Human Life International найбуйнейшай пролайф арганізацыі ў свеце які аб'ездзіў ужо 50 краін свету спаўняючы сваё заданне. Яго даклад і сведчанне пра дзейнасць у справе абароны жыцця а таксама пра святарства і ролю святара – моцнае перажыванне і добрая матывацыя. Кантрасты між жыццём і барацьбой супраць яго, дабром і злом, прадстаўленая сітуацыя сённяшняга свету – усё гэта абудзіла супраціўныя пачуцці і думкі, з аднаго боку расчараванне, з іншага надзею і радасць. Зло мае моц і моцна распаўсюджана ў сённяшнім свеце, але ўсё ж на перамогу большы шанец мае дабро. Неяк агульна... Калі канкрэтна, дык сённяшні чалавек у маральным плане знаходзіцца вельмі нізка, вартасць жыцця і асабістая годнасць чалавека абясцэньваюцца, нібы свет ідзе на перад, але насамрэч адбываецца супраціўны працэс, працэс рэгрэсу, а з іншага боку тая надзея і радасць, бо ёсць тыя, хто паспяхова супрацьстаіць усяму гэтаму.

Ёханэс, прадстаўнік гэтай жа арганізацыі толькі ў Аўстрыі і яго, перад усім, сведчанне, даклад аб дзейнасці і поспехах у справе абароны жыцця (7200 выратаваных дзяцей асобы якіх дакладна вядомы, але варта памятаць што поспех не абмяжоўваецца толькі дзецьмі, але таксама і іх бацькамі якія пазбеглі наступстваў забойства сваіх дзяцей). Але перад усім сведчанне жывой хрысціянскай веры, жыцця малітвай і Евангеллем. Пра гэта можна шмат казаць, але трэба гэта пачуць, бо словы не перададуць паставы, позірка і голасу. «Праз малітву, адарацыю і прыняцце Хрыста, можна паказаць жанчыне прыгажосць жыцця якое ў ёй зараджаецца» - такімі яго словамі можна перадаць сутнасць таго, што робіць арганізацыя Human Life International, якая ўключае ў сябе не толькі намаганні адмовіць жанчын ад здзяйснення аборту і далейшай дапамогі ім, але таксама ў дапамозе тым, хто ўсё ж гэты ўчынак здзейсніў. Яны аказваюць не толькі матэрыяльную дапамогу, але перад усім духоўную і псіхалагічную. «Дапамога – гэта не асуджэнне, але пытанне любові!».







За адзін дзень давялося прыняць удзел у двух семінарах прысвечаных пытанню абароны жыцця, адзін адбыўся ў семінарыі, другі пры пры кафедральным саборы. Святары, псіхолагі, актывісты рухаў за абарону жыцця, важныя паняцці, як постабортны сіндром, сіндром ацалелага, разважанні аб глыбокай сувязі між маці і яе дзецьмі і шмат яшчэ цікавага і важнага.
Жыццё – гэта сапраўды прыгожа і глыбока, але сёння яно патрабуе сапраўды абароны і клопату.


Уладыслаў Валаховіч, той беларус, ён тлумачыў, дапаўняў і сам таксама праводзіў канферэнцыі. Сапраўды незвычайны чалавек і актыўны абаронца жыцця. Дарэчы, ён апроч усяго з'яўляецца дырэктарам фонда "Открытые сердца" і гэта найлепш яго ахарактарызуе.

Ну і на заканчэнне: прычына ўсмешкі на тварах усіх прысутных.

понедельник, 8 февраля 2016 г.

Можа сапраўды ў гэтым і ёсць сэнс жыцця?



Часам паўстае пытанне пра сэнс. Навошта я жыву? Дзеля чаго працую? Які сэнс мае ўсё, што адбываецца ў маім жыцці? Тут жа пытанні пра вартасць абранага жыццёвага шляху і месца ў часа прасторы (назавём гэта так).
Адукацыя, праца, сям'я ці самотнасць, тут каму як, ці ў гэтым сэнс жыцця? Раней ці пазней прыходзіць расчараванне адукацыяй, ці хутчэй сістэмай яе атрымання і сапраўднымі перспектывамі якія ўсё часцей дае дыплом, а можа проста справа у тым, што ў пэўны момант прыходзіць зразуменне абмежаванасці мажлівасцяў чалавечага розуму, карацей – гэта не можа быць сапраўды добрым сэнсам жыцця. Праца? Так, гэта важны аспект жыццядзейнасці чалавека, але гэта не можа быць галоўным сэнсам яго жыцця і адказам на пытанні тыпу: «Дзеля чаго я жыву?». Сям'я як сэнс жыцця таксама не вельмі адпаведны адказ, бо раней ці пазней усё ж застанешся самотным, сям'я гэта нешта іншае: шлях, заданне, пакликанне, крыніца... але не сэнс жыцця.
Ёсць шмат тэорый і светапоглядаў, пазітыўных і негатыўных, рэалістычных і ўтапічных, якія даюць тыя, ці іншыя адказы, але на шмат іх не хапае, калі прыгледзецца больш дакладна іх вартасць малее і губіцца.
Лагічна хіба што цяпер будзе шмат тэксту пра хрысціянскі светапогляд, пра тое, што кожны чалавек мае вялікую вартасць у Божых вачах і гэтак далей, але не, у сэнсе безумоўна аб'ёму тэксту, бо пра гэта і так шмат гаворыцца. Дык вось сэнс у тым, каб сказаць, а потым стала казаць, Богу «так!». Станавіцца ўсё больш чалавекам, жыць, прыносіць плён, дзякаваць за кожны дзень і кожную падзею якая адбываецца ў жыцці. Змяняць сябе і змяняць наваколле. Сэнс жыцця ў тым, каб сапраўды жыць. Банальна? Не, вельмі не банальна. Вартасці, абавязкі, адносіны – усё гэта мае вялікую вартасць, нельга гэтага адкінуць, але гэта не сэнс жыцця і гэта варта ўсвядоміць каб адпаведна расставіць прыярытэты каб пазбегнуць клопатаў і расчаравання.
«Шукайце найперш Валадарства Божага і справядлівасці Ягонай, а гэта ўсё дадасца вам»(Мц 6, 33) (варта прачытаць некалькі папярэдніх сказаў, «гэта ўсё» - тут мова пра штодзённыя клопаты)
Чалавек створаны дзеля Божага Валадарства, у гэтым сэнс жыцця, астатняе – шлях па якім мы крочым або да яго, або ў супраціўным напрамку. Шмат чаго можа нас матываваць да жыцця і падтрымліваць запалены агеньчык, але вартая мэта можа быць толькі адна і толькі навокал яе і дзеля яе ўсё іншае.