пятница, 27 мая 2016 г.

Чаму ты смяешся?



А сапраўды, па якой прычыне можна смяяцца? Ці толькі калі пачуў жарт, калі весела і радасна? Калі спрыяе атмасфера і настрой?
А калі табе балюча, калі цябе напаўняе адчай і застаецца толь смяяцца, гучна, як мага гучней, каб пераканаць наваколле, хоць чаму ты павінен хлусіць – пытанне на якое адказу не знойдзеш, бо не павінен хлусіць, каб пераканаць сябе? А можа каб хоць нешта зрабіць?
А ці бывае смех, калі табе сумна, такі вось сумны смех?

Хіба розны бывае смех і па розных прычынах. З часам пачынаеш адрозніваць гэтыя адценні і матывы смеху, толькі ці гэта да чагосьці вядзе? Ці адважышся падтрымаць, паразмаўляць, ці проста не заўважыш?

вторник, 24 мая 2016 г.

Будзьма адважнымі!




Нацыянальны Эўхарыстычны Кангрэс! Гучна.
Ў першы раз мне даводзіцца прыняць удзел у падобным мерапрыемстве, якога праграма складаецца з канферэнцый, дакладаў, Эўхарыстыі, размоў з рознымі людзьмі, канцэртаў, тэматычных Адарацый і г. д.
І вось сёння першы дзень, які пакуль адзначыўся для мяне двума момантамі, а дакладней спатканнямі, а яшчэ дакладней асобамі і іх выступленнямі.
Першае спатканне – гэта спатканне з кардыналам Зянонам Грахалеўскім, якое адбылося сёння раніцай: кардынал і семінарыйная супольнасць. Паўтары гадзіны, якія прамінулі хутка, цікава і пакінулі пасля сябе цікавыя звесткі. Па прычыне таго, што апошнія некалькі год кардынал працаваў у кангрэгацыі да спраў навучання, галоўнай тэмай, якой ён прысвяціў большасць часу, была тэма адукацыі. Ён распавядаў пра дасягненні каталіцкага Касцёла ў гэтай галіне, пра тое, што каталіцкія ўніверсітэты і школы адзначаюцца высокім узроўнем якасці адукацыі. У дзяржавах, дзе каталікоў не больш за 1,5 % насельніцтва, найбольшы аўтарытэт і ўзровень сярод цэнтраў адукацыі, маюць менавіта каталіцкія цэнтры. Дзіўна, што там, дзе нельга прапаведваць Евангелле Хрыста, найлепшую адукацыю даюць менавіта каталіцкія універсітэты і школы, менавіта там стараюцца атрымаць адукацыю. Гэтая супярэчнасць здзіўляе.
Кардынал падзяліўся, што найчасцей, на пытанне чаму цяперашні высокапастаўлены чыноўнік ці паспяховы бізнэсмэн, або актыўны дзеяч, сам мусульманін ці будыст, вучыліся менавіта ў каталіцкіх цэнтрах адукацыі, ён атрымлівае адзін з двух адказаў: або галоўнай прычынай была якасць і аўтарытэт установы, або па прычыне, што каталіцкія навучальныя ўстановы – гэта месца не толькі інтэлектуальнай фармацыі, але і агульначалавечай, фармацыі маральнасці і добрага выхавання.
Шматлікія цікавыя гісторыі з яго жыцця, сведчанне і ўсмешка, зрабілі гэтае спатканне цікавым і канструктыўным імгненнем.


А другая асоба – гэта спадарыня Крыстына Лялько, якая перакладала на беларускую мову дзённік с. Фаўстыны Кавальскай. Гэта было сведчанне. Сведчанне чалавека, які дасведчыў у сваім жыцці дзеянне Бога, Яго прысутнасць. Было відочна, якім моцным перажываннем для яе было гэтае выступленне, як яна сама адзначыла: «У мяне дрыжаць калені і я вельмі хвалююся». Найбольш прамаўляюць словы ад сэрца. Прыгожае, радаснае сведчанне і заахвота: «я чула, што ў Бібліі больш за 600 раз Бог заахвочкае: «не бойся!», у дзённіку Езус таксама шмат разоў кажа Фаўстыне гэтыя словы... я перастала баяцца пасля таго, як пераклала гэты дзённік». З Богам мажліва ўсё! Будзьма адважнымі!

Прыгожы, поўны добрых падзей дзень, за які хвала Пану! :)

вторник, 17 мая 2016 г.

Не ўкрадзеш – не пражывеш!


Каб жыць у радасці і шчасці, трэба красці, красці, красці!
Падобныя прыказкі нават не прыцягваюць нейкай большай увагі. Стала звычайным прынесці нешта з працы, прыдбаць сабе тое, што належыць супольнасці ці грамадству і г. д.
«Так робяць усе!» - можна спрабаваць сябе апраўдаць падобнымі выказваннямі. Але ці падобнае апраўданне мае вартасць? Ці яно робіць крадзеж учынкам добрым і справядлівым? Абкрадаючы супольнасць ці грамадства, у якіх жывеш, абкрадаеш і сябе і сваіх блізкіх. Немажліва, каб беручы з кошыка яблыкі, а не падкладваючы туды час ад часу новыя, браць іх адтуль заўсёды, бо ў пэўным моманце яны скончацца.
Вядома, што гэтую тэндэнцыю цяжка перабароць, бо мы выхаваныя ў такім грамадстве і прызвычаіліся да гэтага, а тым больш, што так жыць прасцей, чым жыць справядліва і не браць неналежнага, хоць бы на актуальны момант, а далей неяк яно будзе...

Але хтосьці павінен гэта змяніць, бо вынікам такога стану рэчаў з'яўляецца несправядлівасць і заняпад той жа эканомікі. Чалавек пакліканы да развіцця, не толькі да спажывання, але і да таго, каб плён прыносіць. Хрысціянін – гэта той, праз каго будуецца Божае Валадарства на зямлі, Валадарства праўды і справядлівасці. Хрысціянства не абмяжоўваецца малітвай, але заахвочвае чалавека да актыўнага ўдзелу ў грамадскім жыцці і змены асяроддзя ў якім ён жыве. Чаму б нам, сённяшняму маладому пакаленню хрысціян, не быць тымі, хто будзе змяняць гэты свет у лепшым напрамку? Быць такімі рэфарматарамі і будаваць лепшую супольнасць? 

среда, 11 мая 2016 г.


Дэклараваная 100% -ая ўпэўненасць, што ёсць ці будзе так, а не інакш – апасная пастка.
Вось цяпер я зразумеў, вось цяпер я ведаю, вось цяпер я веру... Варта быць асцярожным кажучы падобнае, бо можа здарыцца , што праз некаторы час, сам будзеш са смуткам смяяцца над такою сваёю ўпэўненасцю.
«Каб вы мелі ўва Мне супакой» (Ян 16,33)

Ведаеш, супакой мае не той, хто з упэўненасцю «ведае», але той, хто ўмее шчыра давяраць, хто верыць, што той, каму ён давярае, будзе верным. Зразумела, што гэты давер – вельмі няпростая справа, бо сумневы, часам страх, абаснаваны горкім вопытам мінулых здрад, але гэта ж пытанне каму ты давяраеш. Будзь уважлівым з гэтым, глядзі на паставу, не на словы.

среда, 4 мая 2016 г.

 Адна з рыс меркаванняў



Адной з рыс нашых меркаванняў, з'яўляецца іх зменнасць. З цягам часу, пашырэннем светапогляду, паглыбленнем ведаў, зменай перспектывы з якой ты глядзіш – усё гэта прыводзіць да таго, што тваё меркаванне паддацца зменам. Бывае, што гэтыя змены праходзяць балюча, асабліва, калі тваё меркаванне не было добрым і праўдзівым і гэта выявілася ў публічнай спрэчцы, ты ўжо зразумеў свае памылкі, але прызнаць іх у дадзены момант вельмі няпроста. З'яўляецца фальшывае пачуццё здрады сябе, бо гэта ж было тваё меркаванне, твае думкі, твой жыццёвы досвед. Гэтае пачуццё не дазваляе табе адразу ўспрыняць праўду і прызнацца што памыляўся. Таму шчырасць і праўда з'яўляюцца такой цяжкай справай, бо яны патрабуюць часам вялікіх ахвяр, мужнасці і доўгай барацьбы. Змаганне з хлуснёй, якая можа пусціць глыбокія карані ў нашай свядомасці – справа ўсяго жыцця, бо толькі ты выкараніў адзін самападман, даў сабе хвілінку паслаблення, хутка можаш заўважыць, як праз пэўныя дробязі і не істотныя кампрамісы, цябе ўжо пачынае звязваць іншая хлусня.

У гэтай справе важна мець пэўны моцны і сталы арыентыр, які дапаможа даць праўдзівую ацэнку і не дазволіць памыліць праўды з хлуснёй.