пятница, 22 апреля 2016 г.

Не варта расчароўвацца калі ўбачыш крывадушнасць таго, хто дае табе парады!


Часам мы перажываем расчараванне, калі той чалавек, які быў для нас аўтарытэтам, навучаў нас, даваў парады, у жыцці паступае інакш. Казаў аб адным, а сам жыве інакш. Безумоўна, гэта дрэнна сведчыць аб такім чалавеку, але ці варта расчароўвацца? Ці сапраўды гэтая адменнасць слоў і паставы з'яўляюцца чымсці надзвычайным?
Кожны чалавек, у меншай ці большай ступені, здраджвае сваім ідэалам. Не .спаўняе абяцанняў, паступае не згодна з перакананнямі... Кожны мае з гэтым клопат, як і кожны чакае адказнасці ад іншых. Цікавая супярэчнасць: я дапускаю сваю слабасць, а іншыя не могуць памыліцца. Таму апраўданні тыпу «настаўнікі самыя так не жывуць», «ты сам не святы» не могуць быць апраўданнем для сваіх памылак. За свае памылкі чалавек перад усім адказвае сам.
Ці варта такіх настаўнікаў слухаць далей? Хіба кожны чуў пра пісьменнікаў, якія пісалі перапоўненыя матывацыяй тэксты, а скончылі жыццё самагубствам, пра ярых абаронцаў маральнасці, якім было далёка да застасавання сваіх прамоў у асабістым жыцці. Іх тэкстамі мы захапляемся, яны нас матывуюць, заахвочваюць. Ці істотна, што у іх не атрымалася так, як яны навучаюць? Ці больш істотна, што яны даюць сапраўды добрыя парады, перасцерагаюць перад тым у змаганні, з чым самыя не далі рады?
Езус заахвочваў нас слухаць такіх настаўнікаў, але не наследваць іх учынкаў. Варта прыслухацца да гэтай парады.
І варта памятаць, што крывадушнасць іншых не можа быць апраўданнем нашай крывадушнасці.

понедельник, 11 апреля 2016 г.

Прыярытэты.


Што для мяне істотна, адпаведна, важна, карысна, прыемна і канструктыўна? Чаму я раблю так, а не інакш, выбіраю ў дадзены момант тое, ці іншае, збіраю плён такі, а не іншы, лепшы ці горшы? Усё гэта звязана з прыярытэтамі. Важна ўмець паставіць усё на адпаведнае месца і стала працаваць над вернасцю гэтаму парадку. Калі ўсё мае адпаведнае месца – ты часцей збіраеш добры плён. Як вырашыць што істотна, а што не? Разважай, будзь крытычным, адкрытым на канструктыўныя меркаванні і рады. Будзь адважным запытаць, будзь крытычным пры ўспрыманні адказу, дазваляй сабе на перамены, нават часам вельмі радыкальныя.
Шчырасць, адкрытасць, самакрытычнасць – вельмі важныя расы характару. Гэта тое, што дапамагае табе паставіць прыярытэты.


P. S.: і яшчэ адна істотная рэч – 1 Божы наказ.

среда, 6 апреля 2016 г.

2 у адным


Якую вартасць маюць мае ўчынкі, паводзіны, спосаб быцця?
«Кожны, хто чыніць зло, ненавідзіць святло, каб не адкрыліся яго дрэнныя ўчынкі» (Ян 3, 20).
Аб гэтым сведчыць мая рэакцыя на крытыку гэтых жа паводзін, але не тая, што звонку, бо яна не заўсёды шчырая, а менавіта тое, што адбываецца ўвамне. Гэта напэўна злосць і непрыняцце, калі я разумею, што ўчынкі насамрэч не былі добрымі і шчырымі. Гэта напэўна супакой і жаданне працягваць размову на гэтую тэму, калі я шчыра перакананы, што захаванне было добрым і адпаведным, менавіта так трэба было зрабіць у гэтых абставінах.
Наша рэакцыя на крытыку і асвятленне ўчынкаў – вось што добра сведчыць пра сапраўдную вартасць паводзін і паставы.



Дарэчы гэты пост павінен быў быць зусім пра іншае. Пра тое, што ў сваім жыцці мы спатыкаемся, я спатыкаюся, з «людзьмі-мастамі», назавем іх так. Гэта людзі якія нас яднаюць з іншым, больш шырокім колам людзей. Тыя, з кім ты можаш большую, ці меншую, сабраць «тусню» і добра і весела правесці час. Гэта важныя і вельмі патрэбныя людзі. Ты ім давяраеш, з імі можаш быць сабою, такім, які ёсць. Можа яны цябе не заўсёды разумеюць, але яны побач і падтрымліваюць цябе і твае ідэі, якія б яны не былі. І ты сумуеш калі застаешся без іх прысутнасці, горш калі яны знікаюць на доўгі час або разумееш што яшчэ доўга не спаткаеце адзін аднаго, але заўсёды застаюцца добрыя ўспаміны, а пры спатканні, пасля доўгага перапынку, кожную хвіліну перажываеш значна глыбей, больш радасна і актыўна.


суббота, 2 апреля 2016 г.

Пра пакорных людзей



Што азначае быць пакорным? Гэта умець шчыра глядзець на сябе і іншага чалавека, а таксама ўсведамляць і адпаведна ўспрымаць сваю ролю ў свеце.
Ведаць свае слабасці і не баяцца іх, не хавацца і не ўцякаць, але працаваць, спакойна, метадычна і, што вельмі істотна, не самотна. Разумець што ёсць шмат рэчаў якіх ты не ўмееш, не зможаш, што не атрымаецца змяніць увесь свет. Бачыць сваю недасканаласць і бяссілле і прыняць гэта, не хлусіць сабе што я такі моцны і непадатлівы, але ўспрымаць сябе шчыра.
Гэта азначае любіць іншага чалавека. Бачыць і ведаць яго недахопы і заставацца побач. Не асуджаць і не прыніжаць, не прыпамінаць стала пра памылкі, але дапамагаць і падтрымліваць яго ў ягоных асабістых змаганнях.
Кожны з нас абдараваны шматлікімі талентамі, кожны мае сваё пакліканне, свой асабісты і выключны шлях праз жыццё. Для кагосьці гэта будзе азначаць шмат актыўнасці, падарожжаў, спатканняў, іншы пражыве спакойнае і ціхае жыццё. Цябе могуць не разумець чаму ты крочыш менавіта так і такім спосабам, але калі ты шчыра разважыўшы зразумеў што гэта тваё пакліканне і тваё месца ў жыцці, то ці не варта крочыць за гэтым? Перажываць радасць і прыносіць добры плён? А менавіта гэтыя радасць і якасць плёну сведчаць ці ты сапраўды жывеш паводле паклікання. Не істотна ці ты робіш вялікія рэчы ў маштабах сусвету, ці можа невялікія нават у жыцці аднаго чалавека, істотна што кажа табе тваё сэрца на пытанне аб вартасці цябе, твайго жыцця.

Менавіта пакорныя людзі жывуць у блізкіх і добрых адносінах з Богам, сабою і асяроддзем. Менавіта такія людзі ведаюць што такое радасць, яны ведаюць вартасць кожнай хвіліны і падзеі, яны умеюць захапляцца сонцам і зорамі, яны умеюць проста жыць, сапраўды жыць. А ці не гэта істотна?