воскресенье, 24 июня 2018 г.




 Казанне на Ўрачыстасць Нараджэння Святога Яна Хрысціцеля
Умілаваныя ў Хрысце Браты і Сёстры, на сённяшнюю 12 звычайную Нядзелю выпадае Ўрачыстасць Нараджэння Святога Яна Хрысціцеля, апошняга прарока старога запавету, “найвялікшага сярод людзей”, як акрэслівае яго Езус. Сённяшняя Літургія Слова кіруе нашую ўвагу на яго асобу і сапраўды варта разважыць і прыгледзецца ў чарговы раз да адной з ключавых фігур у Гісторыі Збаўлення.
Ўжо самыя першыя весткі пра яго здзіўляюць, бо сапраўды гэта не звычайна, калі аб нараджэнні дзіцяці бацькам распавядае анёл, а не толькі распавядае, але і дае заданне як яго выхаваць і прадказвае кім ён будзе. Тут варта звярнуць увагу, што бацькі Яны былі ужо ў старэйшым узросце, яны ўжо пражылі жыццё і напэўна не спадзяваліся такой навіны – іх жыццё блізіцца да канца, як і скончваюцца часы Старога Запавету. Гэта цікавая паралель, напэўна і ў тыя часы было шмат людзей, якія спадзяваліся і чакалі Місію, але мелі сумневы ці нешта яшчэ будзе, ці Божыя абяцанні будуць споўнены, але патрэба было адпаведнага моманту ў гісторыі чалавецтва, ў які б Бог споўніў сваё абяцанне і ў чарговы раз прыпомніў і паказаў чалавеку, што памятае і клапоціцца аб ім і зрабіў гэта такім чынам, каб чалавек мог ўбачыць і зразумець што адбываецца. Для нас гэта чарговая заахвота верыць у аб’яўленную праўду і таксама не баяцца смерці, бо маем абяцанне перспектывы і новага жыцця якія ў сваім часе споўняцца, заахвота давяраць Богу, які запрашае нас на свой шлях. “Я зраблю цябе святлом народаў”
Застанемся яшчэ на момант пры бацьках Яна. Сённяшняе Евангелле распавядае пра іх супрацоўніцтва з Божым провідам, атрымаўшы заданне, адказваюць на яго сваім удзелам і выконваюць атрыманыя, скажам так, “інструкцыі”, згаджаюцца на прыняцце дзіцяці, нягледзячы на супраціў родных даюць яму імя Ян і выхоўваюць сына дазваляючы крочыць яму за пакліканнем. Як гэта важна, калі бацькі не абмяжоўваюць свабоды сваіх дзяцей і дазваляюць выбраць жыццёвы шлях згодны з іх пакліканнем, якія разумеюць сваю ролю і старанна выконваюць менавіта яе, не беручы на сябе не сваіх абавязкаў.
“А дзіця расло і ўзмацнялася духам, і заставалася на пустыні да дня з’яўлення свайго перад Ізраэлем.” Пустыня ў Святым Пісанні мае значэнне месца асаблівага спаткання з Богам, безумоўна, гэта небяспечнае месца дзе падсцерагае шмат небяспек, дзе з лёгкасцю можна загінуць, але менавіта пустыня стала месцам спаткання Бога з прарокамі і павадырамі выбранага народа, менавіта ведучы праз пустыню Бог выхоўваў народ. Так і для Яна пустыня стала месцам спаткання з Панам і месцам яго ўзрастання, дзякуючы ёй таксама, ён стаў тым “найвялікшым з сыноў чалавекых”, тут ён прыгатаваўся да спаўнення свайго паклікання, свайго задання. І варта нам разважыць, колькі ў нашым жыцці ёсць такой пустыні, такой прасторы спаткання з Панам, прасторы змагання з грахом, які падсцерагае ў кожны момант, але які мы можам перамагчы супрацоўнічаючы з Божай ласкай. Ці ёсць увогуле такая прастора ў маім жыцці і ці я разумею патрэбу сталай працы над сабою і патрэбу спаткання з Богам?
“Я зраблю цябе святлом для народаў” – прадказвае прарок Ісая, а ці ж ні сваіх вучняў Езус так акрэслівае, заахвочвае, а нават наказвае, каб кожны з Яго вучняў былі святлом для гэтага свету? Варта разважыць прыклад святога Яна Хрысціцеля і навучыцца ад яго шукаць Пана, працаваць над сабою і з даверам крочыць за сваім пакліканнем, прайсці праз выпрабаванні жыццёвай пустыні і пры гэтым памятаць аб тым, якое асабістае сведчанне мы даем, каб гэты шлях таксама не стаў матывам да ганарлівасці, але дапамагаў іншым спаткаць Езуса Хрыста.

суббота, 12 ноября 2016 г.


Вельмі важнай характарыстыкай чалавека, з'яўляецца тое, як ён спаўняе свае абяцанні. Кожны чакае і спадзяецца адказнасці і сумленнасці, асабліва калі гэта датычыць асабістых інтарэсаў. З пазіцыі самога чалавека, які займае такую пазіцыю быцця адказным, безумоўна ёсць таксама і свае чаканні і патрабаванні, але ёсць яшчэ і нешта такое, як перажыванні звязаныя з рэалізацыяй прынятых абавязкаў.
Можна па-рознаму спаўняць абяцанні. Спаўняць абы пазбыцца клопату, абы супакоіць сумленне, а можна рабіць ад сэрца, не мінімум, але аддаючыся справе з галавою, і вось менавіта такая пастава прыносіць неверагоднае задавальненне, шчырую і моцную радасць. Ты робіш і сапраўды кайфуеш, што робіш. Атрымліваецца, што ты не толькі робіш для кагосьці, але і рэалізуеш сябе, напаўняеш сваё быццё сэнсам і карысцю. Звычайная справа можа ператварыцца ў прыгожыя прыгоды, дастаткова толькі захацець і зрабіць адпаведны крок, выпусціць на волю тую моц, якую трымаеш у сваім сэрцы, даць волю фантазіі і рашуча прапаноўваць цікавыя дробязі. А менавіта з малых дэталяў і складаецца цэлае!

среда, 26 октября 2016 г.

Безумоўна, калі перажываеш нешта першы раз, гэта перажываецца больш яскрава і эмацыянальна, але ў той жа час павярхоўна. Прагляд кінафільма, далёкае падарожжа, кніга... Табе хутчэй хочацца даведацца, што будзе далей, паспець схапіць больш уражанняў, але потым адчуваеш пэўную ненасычанасць, як пасля прыходу дадому з гасцей, нібы было шмат страў і было пачуццё, што больш есці не можаш, але праз колькі часу, ступіўшы за парог роднай хаткі, адчуваеш сапраўдны голад. А калі ты ўжо трошкі дасведчаны ў справе, для цябе ўжо больш істотна не колькасць, але якасць.
P. S.: хоць і кожны момант непаўторны, варта неяк вучыцца клапаціцца аб яго якасці, а не колькасці.


Можа атрымаецца вярнуцца да таго, што так падабалася, было прыгожым і важным, было матывацыяй і крыніцай радасці...

Прыгожыя ўспаміны пра першыя прыгоды мінулага лета :)

четверг, 15 сентября 2016 г.


Птушка, якая не змагла своечасова затрымацца і трапіла пад мышыну. 
Жывая, але...

«Ніхто не можа пазбавіць цябе пашаны да сябе, калі ты толькі не дасі дазволу на гэта» - Гандзі.
Ёсць рэчы, ці хутчэй падзеі, якія моцна вырываюць цябе з жыцця. Ты жывеш, плануеш, спатыкаеш кожны дзень і падзею, часам з радаснай усмешкай, а бывае са смуткам, і бабах!!! нечакана, моцна і балюча аказваецца, што ўсё не ёсць так, як ты сабе ўяўляеш. Можаш крычаць, спрачацца і намагацца справядлівасці, а можаш паслухаць, разважыць справу падчас малітвы, прыгледзецца і зразумець нешта новае. Паглядзець на сваё захаванне ўжо з іншай перспектывы. Спатканне з несправядлівасцю і абмовай – сапраўды балючы досвед, але ён можа стаць нечым вельмі карысным і дапаможным. Гэтае спатканне можа зрабіць цябе мацнейшым і больш дасведчаным, а таксама перажыць тое, з чым не дае сабе рады сапраўды вялікая колькасць людзей і мажлівасць дапамагаць ім потым добра іх разумеючы.

Ёсць у мяне такая рыса характару, як настойлівасць. Часам яна прыносіць больш шкоды, часам карысці. Неяк трэба навучыцца ўключаць яе ў адпаведны момант і выключаць, калі лепш прамаўчаць ці не лезці і істотна тое, што такая рыса характару прыносіць больш клопатаў не мне, а гэта сапраўды сумная думка...

четверг, 1 сентября 2016 г.


Развітанне, цягнік і вяртанне дадому. Прыгожае, адзначанае падарожжамі, сонцам, усмешкамі і спатканнямі лета, яго можна ўжо лічыць гісторыяй. Прыгожай гісторыяй, якая пачалася захапленнем прыгажосцю гор і гэтым жа скончылася. А між імі 5000 км. Тое, аб чым я марыў, аказалася толькі маленькай прадмовай таго, што Бог даў мне перажыць за гэты час.
Калі ты самотна едзеш цягніком, маеш шмат часу, каб спакойна пасядзець, разважыць, успомніць і падвесці вынікі. І сёння добры час, каб менавіта не планаваць заўтра, а з радасцю і ўдзячнасцю ўспомніць тое, што ўжо перажыў. Зрабіць рахунак набытага духоўнага скарбу. Бо калі тое, што ты робіш і перажываеш не ўзбагачае тваё сэрца, то ці мае яно сэнс?
P. S.: 1 верасня – гэта Дзень Ведаў, дзень смутку для вучняў і студэнтаў, а для кагосьці гэта дзень пэўнай настальгіі па студэнцкаму ладу жыцця. І ідучы сёння вуліцамі Мінску, спатыкаючы шматлікіх студэнтаў, я гэтую настальгію адчуваў, бо для мяне сённяшняя дата не азначае пачатку навучальнага года, яна азначае запланаваны дзень вяртання дадому і перада мною год практыкі, а не грызення граніту навукі.

Настальгія, падвядзенне вынікаў, дарога дадому – змешаныя пачуцці :)  

пятница, 26 августа 2016 г.


Так есць, што каб атрымаць нешта вартае, трэба быць гатовым да ахвяры. Ты не заўсёды разумееш, што актуальнае пазбаўленне ад чагосьці мае вартасць, што потым атрымаеш лепшае ці перажывеш падобнае інакш, глыбей, цікавей, мацней.
І такім досведам для мяне быў удзел у спатканні моладзі Казахстану. 5 дзён разам, без інтэрнэту, у вёсцы сярод стэпу, дзе ты нікога не ведаеш. 5 неверагодна прыгожых дзён, адзначаных малітвай, цікавымі катэхэзамі, адарацыямі, морам падзей і новымі знаёмствамі.
5 дзён спаткання – 5 год я не прымаў удзелу ў нечым падобным... цікавыя паралелі :)

І гэта было сапраўды варта. Варта было са смуткам глядзець на братоў, якія едуць на спатканне, а ты не, варта з тым жа смуткам пераглядаць фоткі і слухаць гісторыі з перажытага часу, а цяпер разумець гэтае варта і быць удзячным, што менавіта такім чынам атрымалася.  

среда, 10 августа 2016 г.

Вось і прамінуў першы тыдзень прабывання ў Казахстане. Першыя ўражанні, шматлікія размовы, новыя мясціны і краявіды. Гэта іншы свет, іншы спосаб жыцця і адносін між людзьмі. Знаёмства з мясцовым Касцёлам і тымі, з каго ён складаецца.
Першае уражанне – прастор, вялізарны прастор навокал. І справа ў тым, што мяне не высадзілі сярод стэпу, першае, што я ўбачыў – Астана. Маладая сталіца Казахстана, прасторная, новая, але нейкая пустая...
Кепскія дарогі? Можа я чакаў горшага, але не ўсё так дрэнна, асабліва шаша і галоўныя вуліцы гарадоў.
Апошняе яскравае ўражанне – горад Петрапаўлаўск, недалёка ад мяжы з Расіяй. Калісьці ён быў населены выключна рускімі, цяпер ёсць інакш. Горад з прыгожай цэнтральнай вуліцай, паркамі, фантанамі, горад, дзе на галоўнай вуліцы знаходзіцца каталіцкі касцёл, што з'яўляецца чымсьці неверагодным для краіны, дзе большасць насельніцтва – мусульмане. Незвычайна было ўбачыць столькі людзей, якія проста вышлі вечарам на спацар, нярэдка сем'ямі і гэта прыгожа.
Такі вось пост, пост пра два ўражанні, а між імі 7 прыгожых дзён.

P. S.:У Казахстане вельмі смачнае марозіва, шмат адкрытых, добрых і гасцінных людзей:)