пятница, 26 августа 2016 г.


Так есць, што каб атрымаць нешта вартае, трэба быць гатовым да ахвяры. Ты не заўсёды разумееш, што актуальнае пазбаўленне ад чагосьці мае вартасць, што потым атрымаеш лепшае ці перажывеш падобнае інакш, глыбей, цікавей, мацней.
І такім досведам для мяне быў удзел у спатканні моладзі Казахстану. 5 дзён разам, без інтэрнэту, у вёсцы сярод стэпу, дзе ты нікога не ведаеш. 5 неверагодна прыгожых дзён, адзначаных малітвай, цікавымі катэхэзамі, адарацыямі, морам падзей і новымі знаёмствамі.
5 дзён спаткання – 5 год я не прымаў удзелу ў нечым падобным... цікавыя паралелі :)

І гэта было сапраўды варта. Варта было са смуткам глядзець на братоў, якія едуць на спатканне, а ты не, варта з тым жа смуткам пераглядаць фоткі і слухаць гісторыі з перажытага часу, а цяпер разумець гэтае варта і быць удзячным, што менавіта такім чынам атрымалася.  

среда, 10 августа 2016 г.

Вось і прамінуў першы тыдзень прабывання ў Казахстане. Першыя ўражанні, шматлікія размовы, новыя мясціны і краявіды. Гэта іншы свет, іншы спосаб жыцця і адносін між людзьмі. Знаёмства з мясцовым Касцёлам і тымі, з каго ён складаецца.
Першае уражанне – прастор, вялізарны прастор навокал. І справа ў тым, што мяне не высадзілі сярод стэпу, першае, што я ўбачыў – Астана. Маладая сталіца Казахстана, прасторная, новая, але нейкая пустая...
Кепскія дарогі? Можа я чакаў горшага, але не ўсё так дрэнна, асабліва шаша і галоўныя вуліцы гарадоў.
Апошняе яскравае ўражанне – горад Петрапаўлаўск, недалёка ад мяжы з Расіяй. Калісьці ён быў населены выключна рускімі, цяпер ёсць інакш. Горад з прыгожай цэнтральнай вуліцай, паркамі, фантанамі, горад, дзе на галоўнай вуліцы знаходзіцца каталіцкі касцёл, што з'яўляецца чымсьці неверагодным для краіны, дзе большасць насельніцтва – мусульмане. Незвычайна было ўбачыць столькі людзей, якія проста вышлі вечарам на спацар, нярэдка сем'ямі і гэта прыгожа.
Такі вось пост, пост пра два ўражанні, а між імі 7 прыгожых дзён.

P. S.:У Казахстане вельмі смачнае марозіва, шмат адкрытых, добрых і гасцінных людзей:)












пятница, 5 августа 2016 г.


Наведваць хворых – адзін з учынкаў міласэрнасці. Вельмі важны і патрэбны, асабліва ў дачыненні да самых хворых, але не заўсёды просты для тых,хто такія ўчынкі спаўняе. І справа не толькі ў тым, каб знайсці час для іншага чалавека, але каб такі ўчынак быў учынкам міласэрнасці. Учынкам, матываваным любоўю і пашанай, крокам да асобы, якая патрабуе простага спаткання і хвіліны прысутнасці побач.
Сёння першая пятніца месяца і існуе прыгожая традыцыя спавядацца ў гэты дзень, а ў парафіі ў Какшэтаў, ёсць традыцыя, калі святар наведвае хворых, спавядае, прыносіць Езуса ў Эўхарыстыі, размаўляе і заражае энергіяй, якой хапае да наступнага спаткання. Звычайна, разам са святаром хворых наведвае адна з сясцёр, а сёння яго спадарожнікам быў я. Сапраўды, бачыць радасць ў вачах гэтых людзей, размаўляць з імі, проста сядзець побач і маліцца разам...

Тое, што моцна кранула мяне сёння – пастава кс. Войцеха! Яго адносіны з хворымі і іх блізкімі, колькасць энергіі, запал... Гэта цяжка перадаць словамі, гэта трэба назіраць. Назіраць і браць прыклад з такой паставы! :)

четверг, 4 августа 2016 г.


Цішыня, ранішняе сонейка ўсміхаецца і атуляе цяплом, амаль пустая святыня, толькі некалькі чалавек ціха моляцца на ружанцы, адарацыя... Ці можа быць лепшы пачатак дня?
Першае, на чым ловіш сябе, уваходзячы ў касцёл у Какшэтаў – гэта пачуццё іншасці гэтага месца, здаецца кожная цаглінка, кожная малекула паветра пранізана малітвай і божай прысутнасцю.
Зрабіць нешта канкрэтнае, тое, што можна ўбачыць – добры пункцік, які сведчыць, што дзень не прайшоў марна. Таму свядомасць выкананай працы (трэба было трошкі памахаць лапатай) – радуе сэрца.
Пабываць там, дзе ніколі не быў – прыгожае перажыванне. Сёння такім месцам стала мячэць. Цікава было паглядзець, што гэта такое, прайсціся па мяккіх дыванах, адчуць атмасферу гэтага месца, мне спадабалася тое, што на ўваходзе трэба было зняць боты - гэта прамаўляе, якой пашанай агарняюць мусульмане сваю святыню. Ўсё багата ўпрыгожана...суфіт, сцены, жырандолі – шмат золата і яркіх колераў.

Вось такі прыгожы, напоўнены падзеямі, размовамі за кавай, спатканнямі і ўражаннямі дзень, давялося мне перажыць :)

среда, 3 августа 2016 г.

Ну вось і распачалося далёкае падарожжа ў Казахстан.
Прыгатаванні, заплечнік, які за гэтае лета ўжо стаў родным, утульна сядзіць на плячах, зачыняю дзверы дому на замок і ўперад. На твары усмешка, радасны настрой напаўняе сэрца, сонца ўсміхаецца і сагравае сваім цяплом. З першага кроку распачынаецца далёкае падарожжа.
Першы палёт на самалёце, самы цяжкі момант – момант адрыву ад зямлі, калі адчуваеш як цябе цягне зноў на зямлю... фух, не самае прыемнае пачуццё, але праз хвіліну ты ужо ў захапленні глядзіш у ілюмінатар, ты ўжо вышэй аблокаў і гэта зацямняе ўсе іншыя пачуцці.

Ліда – Мінск – Барыспаль – Астана – Кашкетаў – тысячы кіламетраў, якія ўмясціліся ў адзін дзень і адну ноч.





Астана