четверг, 12 ноября 2015 г.

Нобелеўская прэмія - добрая рэклама!
















Нобелеўская прэмія - добрая рэклама для лаўрэата. Нядаўна беларуская пісьменніца, Святлана Алексіевіч, стала лаўрэатам гэтай прэміі, што і прыцягнула маю ўвагу да яе творчасці. Дзве кнігі, дзве важныя падзеі: Афганістан і Чарнобыль. Пытанне «хто мы?». Гэта кнігі якія варта прачытаць сённяшняй моладзі, гэта пытанні над якімі варта разважыць.
Неяк дзіўна было гэта чытаць. З аднаго боку нейкая цікавасць і пэўны грамадскі абавязак, бо ўсё ж Нобелеўская прэмія, з другога, часам жудасна даведвацца якімі катэгорыямі можа думаць чалавек, наколькі можа быць перакананым у хлусні. Дзве розныя праблемы, Афганістан і Чарнобыль, але паводзіны людзей падобныя: з аднаго боку адданасць, гераізм, любоў да Радзімы і іншага чалавека, самаахвярнасць, давер, з іншага эгаізм, дбанне толькі пра сябе і сваё становішча, абыякавасць, нядбаласць, здрады...
Аўтар так змяшчае маналогі, што гэты кантраст неяк разбівае, нібы прывыкаеш ужо чытаць аб гераізме, адданасці, а тут нечакана крытычны маналог без пафасу і рамантыкі.
Чытаючы пра Афганістан, перад вачыма Ўкраіна, вельмі падобна ўсё: чалавек забівае чалавека,цярпенне маці, жонак, дзяўчын і дзяцей, смерць маладых і моцных хлопцаў і мужчын, таксама неаднойчы за інтарэсы іншых асоб. Нядаўна здрады дасведчыў «Беркут», хто будзе наступным? Вайной ніколі не асягнуць супакою і справядлівасці.
Чарнобыль... Зусім недалёка, у адным з самых чыстых куткоў Беларусі, будуецца АЭС, але сітуацыя, хіба, іншая: няма той сляпой веры ў «мірны атам», у якасць будаўніцтва, але калі пра гэта распачынаецца размова, то гэта звычайна ці абыякавасць, ці сарказм, супраціў не мае сэнсу. Застаецца толькі спадзявацца што ў выпадку сур'ёзнай аварыі рэакцыя будзе іншай чым на Чарнобыль. Афганістан не навучыў, не зроблена адпаведных высноў, ці варта чакаць змены пастаў тут?
Але не варта губляць веры у тое, што чалавек можа быць добрым. Тым больш, што прыкладаў навокал сапраўды шмат!

Комментариев нет:

Отправить комментарий