четверг, 26 ноября 2015 г.

 Настардамус памыліўся і Адвэнт усё ж распачнецца!
















Учарашняя катэхэза для моладзі на тэму Адвэнта, якую мне патрапіла правесці, у суботу «Андрэйкі», а ў нядзелю ўжо непасрэдна распачнецца Адвэнт... Карацей, актуальная тэма. Трэба зрабіць добрую пастанову, а можа і не адну, каб больш плённа гэты час перажыць і прыгатавацца да свята якое хутка набліжаецца.
Адвэнт – гэта не пост. І гэта варта ўсвядоміць і памятаць. Гэта час які мае іншыя аспекты і вартасці. Вельмі добра што ёсць гэтая розніца, бо разважанне розных этапаў гісторыі Збаўлення, патрабуе таксама і розных варункаў і акцэнтаў на іншыя моманты, як і кожны этап жыцця – гэта іншыя пытанні і іншыя адказы.
Адвэнт... Падрыхтоўваючыся да ўчарашняй катэхэзы, злавіў сябе на пачуцці гэтага асаблівага святочнага настрою. Дзіўна і прыемна. Дзіўна, бо яшчэ нават Адвэнт не распачаўся, прыемна, бо для мяне, напрыклад, гэта вельмі радаснае свята. Распачнуцца раратнія Імшы, перапоўненыя дзецьмі з запаленымі ліхтарыкамі і ззяючымі, не менш чым ліхтарыкі, вачыма. Твары дарослых стануць трошкі больш сур'ёзнымі. З аднаго боку стане цішэй навокал, з іншага будзе больш мітусні і прыгатавання. Адвэнтовыя рэкалекцыі, чэргі на споведзь... Усё гэта складае асаблівую атмасферу.
А можна перажыць гэты час інакш. Гэта свята можна не заўважаць увогуле, перажыць абыякава, перажыць дрэнна. Яно можа стаць бессэнсоўнай мітуснёй, чымсьці, што будзе толькі звычайнай традыцыяй: сесці за адным сталом і, як гэта нярэдка бывае, ціха пераседзець коса паглядаючы з пад ілба. Можна нават абысціся без малітвы перад Вігіліяй і не ўспамінаць у гэтай малітве тых, хто не мае такой мажлівасці сабрацца разам усёю сям'ёю, за адным сталом. Можна не дзякаваць Богу за гэтую мажлівасць быць з блізкімі і мець мірнае неба над галавою. А, так сапраўды, ёсць за што дзякаваць. Дзякаваць за той жа супакой. Вайна далёка і блізка, дзесьці забіваюць фізічна, дзесьці псіхалагічна, дзесьці маральна, а дзесьці духоўна. Сваркі ў сем'ях, між сябрамі, між знаёмымі, ў чарзе перад касай.

А яшчэ магло так стацца што гэтага тэксту ўвогуле не было б, бо ўчора, як прадказаў Настардамус, павінен быў настаць канец свету, але ці то ён памыліўся, ці мы нешта наблыталі і жыццё працягваецца. Гэта значыць што ёсць яшчэ мажлівасць стаць лепшым, змяніцца. Гэта значыць што яшчэ адзін Адвэнт перыяд радаснага прыгатавання перад намі. Добрай працы і выканання пастаноў:)

Комментариев нет:

Отправить комментарий