вторник, 24 мая 2016 г.

Будзьма адважнымі!




Нацыянальны Эўхарыстычны Кангрэс! Гучна.
Ў першы раз мне даводзіцца прыняць удзел у падобным мерапрыемстве, якога праграма складаецца з канферэнцый, дакладаў, Эўхарыстыі, размоў з рознымі людзьмі, канцэртаў, тэматычных Адарацый і г. д.
І вось сёння першы дзень, які пакуль адзначыўся для мяне двума момантамі, а дакладней спатканнямі, а яшчэ дакладней асобамі і іх выступленнямі.
Першае спатканне – гэта спатканне з кардыналам Зянонам Грахалеўскім, якое адбылося сёння раніцай: кардынал і семінарыйная супольнасць. Паўтары гадзіны, якія прамінулі хутка, цікава і пакінулі пасля сябе цікавыя звесткі. Па прычыне таго, што апошнія некалькі год кардынал працаваў у кангрэгацыі да спраў навучання, галоўнай тэмай, якой ён прысвяціў большасць часу, была тэма адукацыі. Ён распавядаў пра дасягненні каталіцкага Касцёла ў гэтай галіне, пра тое, што каталіцкія ўніверсітэты і школы адзначаюцца высокім узроўнем якасці адукацыі. У дзяржавах, дзе каталікоў не больш за 1,5 % насельніцтва, найбольшы аўтарытэт і ўзровень сярод цэнтраў адукацыі, маюць менавіта каталіцкія цэнтры. Дзіўна, што там, дзе нельга прапаведваць Евангелле Хрыста, найлепшую адукацыю даюць менавіта каталіцкія універсітэты і школы, менавіта там стараюцца атрымаць адукацыю. Гэтая супярэчнасць здзіўляе.
Кардынал падзяліўся, што найчасцей, на пытанне чаму цяперашні высокапастаўлены чыноўнік ці паспяховы бізнэсмэн, або актыўны дзеяч, сам мусульманін ці будыст, вучыліся менавіта ў каталіцкіх цэнтрах адукацыі, ён атрымлівае адзін з двух адказаў: або галоўнай прычынай была якасць і аўтарытэт установы, або па прычыне, што каталіцкія навучальныя ўстановы – гэта месца не толькі інтэлектуальнай фармацыі, але і агульначалавечай, фармацыі маральнасці і добрага выхавання.
Шматлікія цікавыя гісторыі з яго жыцця, сведчанне і ўсмешка, зрабілі гэтае спатканне цікавым і канструктыўным імгненнем.


А другая асоба – гэта спадарыня Крыстына Лялько, якая перакладала на беларускую мову дзённік с. Фаўстыны Кавальскай. Гэта было сведчанне. Сведчанне чалавека, які дасведчыў у сваім жыцці дзеянне Бога, Яго прысутнасць. Было відочна, якім моцным перажываннем для яе было гэтае выступленне, як яна сама адзначыла: «У мяне дрыжаць калені і я вельмі хвалююся». Найбольш прамаўляюць словы ад сэрца. Прыгожае, радаснае сведчанне і заахвота: «я чула, што ў Бібліі больш за 600 раз Бог заахвочкае: «не бойся!», у дзённіку Езус таксама шмат разоў кажа Фаўстыне гэтыя словы... я перастала баяцца пасля таго, як пераклала гэты дзённік». З Богам мажліва ўсё! Будзьма адважнымі!

Прыгожы, поўны добрых падзей дзень, за які хвала Пану! :)

Комментариев нет:

Отправить комментарий